Выбери любимый жанр

Вайна сусветаў (на белорусском языке) - Уэллс Герберт Джордж - Страница 16


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта:

16

Па Оксфард-стрыт праехала некалькi павозак з бежанцамi, на Мэрылебан-роўд таксама; але чуткi распаўсюджвалiся настолькi замаруднена, што Рыджэнт-стрыт i Портленд-роўд былi, як заўсёды, запоўнены народам, хоць дзе-нiдзе абмяркоўвалiся апошнiя падзеi. У Рыджэнт-парку, як заўсёды, пад рэдкiмi газавымi лiхтарамi прагульвалiся парачкi. Ноч была цёмная i цiхая, крыху душная; гул гарматаў даносiўся з перапынкамi; апоўначы на поўднi блiснула штосьцi накшталт зарнiцы.

Брат чытаў i перачытваў газету, трывога пра мяне ўсё расла. Ён не мог супакоiцца i пасля вячэры зноў пайшоў так сабе хадзiць па горадзе. Потым вярнуўся i дарэмна спрабаваў засесцi за свае запiсы лекцый. Ён не мог спаць апоўначы, яму снiлiся злавесныя сны, але не прайшло i дзвюх гадзiн, як яго разбудзiў стук дзвярных малаточкаў, тупанне ног па бруку, аддалены барабанны бой i царкоўныя званы. На столi ўспыхвалi чырвоныя водблiскi. З хвiлiну ён ляжаў i не мог зразумець, што адбылося. Надышоў ужо дзень цi ўсе страцiлi розум? Потым усхапiўся з пасцелi i падбег да вакна.

Яго пакой быў у мезанiне; расчынiўшы вакно, ён пачуў крыкi з абодвух канцоў вулiцы. З вакон высоўвалiся i пераклiкалiся заспаныя, паўапранутыя людзi. "Яны iдуць! - крычаў палiсмен, стукаючы ў дзверы. - Марсiяне наблiжаюцца!" - I спяшаўся да наступных дзвярэй.

З казармы на Олбэнi-стрыт чуўся барабанны бой i гукi трубы; з усiх цэркваў даносiўся бурны, нязладжаны набат. Стукалi дзверы; цёмныя вокны дамоў на супрацьлеглым баку ўспыхвалi жоўтымi агеньчыкамi.

Па вулiцы праiмчалася карэта: шум калёсаў раздаўся з-за вугла, перайшоў у аглушальны грукат пад акном i зацiх недзе ўдалечынi. Следам за карэтаю пранеслiся два кебы - авангард цэлай чарады экiпажаў, якiя iмчалiся да вакзала Чок-фарм, дзе можна было сесцi на спецыяльныя цягнiкi Паўночна-Заходняй дарогi, замест таго, каб спускацца да Юстана.

Мой брат доўга глядзеў з вакна ў тупой загадкавасцi; ён бачыў, як палiсмены перабягалi ад дзвярэй да дзвярэй, стукаючы малатком i абвяшчаючы ўсё тую ж дзiўную навiну. Раптам дзверы яго расчынiлiся i ўвайшоў сусед, якi займаў пакой насупраць; ён быў у кашулi, штанах i туфлях, падцяжкi абвiсалi, валасы былi ўзлахмачаныя.

- Што за чартаўшчына? - спытаў ён. - Пажар? Чаму такая валтузня?

Абодва высунулiся з вакна, стараючыся зразумець, што крычаць палiсмены. З бакавых вулiц павалiў народ, збiваючыся ў кучы на вуглах.

- У чым справа, чорт вазьмi? - спытаў сусед.

Мой брат нешта адказаў яму i пачаў апранацца, падбягаючы раз за разам да акна, каб бачыць, што адбываецца на вулiцы. З-за вугла выскачылi газетчыкi з надзвычай раннiмi выпускамi газет, крычучы на ўсё горла.

- Лондану пагражае ўдушэнне! Умацаваннi Кiнгстана i Рычманда прарваныя! Крывапралiтны бой у далiне Тэмзы!

У кватэрах нiжняга паверха, ва ўсiх суседнiх дамах i далей, у Парк-тэрасiс i на сотнi iншых вулiц гэтай часткi Мэрылебана; у раёне Вестбэрн-парка i Сент-Панкрэса, на захадзе i на поўначы - у Кiльберне, Сен-Джонс-Вудзе i Хэмпстэдзе; на ўсходзе - у Шордзiчы, Хайбэры, Хагерстоне i Хокстане; на ўсiм агромнiстым працягу Лондана, ад Iлiнга да Iстхема, людзi, працiраючы вочы, адчынялi вокны, выглядвалi на вулiцу, задавалi бессэнсоўныя пытаннi i спехам апраналiся. Па вулiцах пранеслася першае дыханне панiкi. Страх панаваў над горадам. Лондан, якi спакойна заснуў у нядзелю вечарам, прачнуўся вельмi рана ў панядзелак пад пагрозай смерцi.

Так як брат са свайго вакна не змог нiчога выяснiць, ён апусцiўся ўнiз i выйшаў на вулiцу. Над стрэхамi дамоў ружавела зара. Натоўп бежанцаў, якiя крочылi пяшком i ехалi ў экiпажах, з кожнай хвiлiнай усё большаў.

- Чорны дым! - чуў ён выкрыкi. - Чорны дым!

Было ясна, што панiка ахопiць увесь горад. Пастаяўшы ў нерашучасцi каля свайго пад'езда, брат паклiкаў газетчыка i купiў газету. Газетчык пабег далей, прадаючы газеты на хаду па шылiнгу, - гратэскнае спалучэнне карысцi i панiкi.

У газеце брат прачытаў сумнае данясенне галоўнакамандуючага:

"Марсiяне пускаюць вялiзныя клубы чорнай ядавiтай пары пры дапамозе ракетаў. Яны падавiлi агонь нашай артылерыi, разбурылi Рычманд, Кiнгстан i Ўiмблдон i паступова наблiжаюцца да Лондана, знiшчаючы ўсё на сваiм шляху. Спынiць iх немагчыма. Ад чорнага дыму няма iншага паратунку, акрамя неадкладных уцёкаў".

I толькi. Але i гэтага было дастаткова. Усё насельнiцтва вялiкага шасцiмiльённага горада напалохалася, замiтусiлася, кiнулася наўцёкi. Усе накiравалiся на поўнач.

- Чорны дым! - чулiся крыкi. - Агонь!

Званы суседнiх цэркваў бiлi набат. Адзiн экiпаж з прычыны няўмелага кiравання наляцеў сярод крыкаў i лаянкi на калоду для вадапою. Цьмянае жоўтае святло мiльгала ў вокнах дамоў; каля некаторых кебаў яшчэ гарэлi начныя лiхтары. А ўверсе разгаралася зара, бязвоблачная, ясная, спакойная.

Брат чуў тупат ног у пакоях i на лесвiцы. Яго гаспадыня выйшла на вулiцу, спехам накiнуўшы на сябе хламiду i шаль, за ёй выйшаў яе муж, мармычучы штосьцi невыразнае.

Калi брат нарэшце зразумеў, што адбываецца, ён хуценька вярнуўся ў свой пакой, схапiў усе наяўныя грошы - каля дзевяцi фунтаў, - паклаў у кiшэню i выйшаў на вулiцу.

XV

ШТО ЗДАРЫЛАСЯ Ў СЭРЭI

Якраз у той час, калi святар вёў са мною бессэнсоўную размову каля агароджы ў полi пад Галiфордам, а брат глядзеў на паток бежанцаў, што рухаўся па Вестмiнстэрскiм мосце, марсiяне зноў перайшлi ў наступ. Калi верыць блытаным распаведам, большасць марсiянаў заставалася да дзевяцi гадзiн вечара ў яме на Хорселскай пустцы, выконвала нейкую спешную работу, якая суправаджалася ўспышкамi зялёнага дыму.

Стала вядома, што трое марсiянаў выйшлi адтуль каля васьмi гадзiн i, асцярожна прасоўваючыся праз Вайфлiт i Пiрфард да Рыплi i Ўэйбрыджа, нечакана паявiлiся перад вартавымi батарэямi на фоне неба, асветленага заходам сонца. Марсiяне iшлi не шарэнгаю, а ланцужком, на адлегласцi прыкладна паўтары мiлi адзiн ад аднаго. Яны перамаўлялiся якiмсьцi дзiкiм рэвам, падобным на выццё сiрэны, то высокае, то нiзкае.

Гэта выццё i пальбу гарматаў Рыплi i Сен-Джордж-Хiла мы i чулi каля Верхняга Галiфорда. Артылерысты каля Рыплi - нявопытныя валанцёры, якiх не трэба было ставiць на гэткую пазiцыю, - далi ўсяго адзiн заўчасны i безвынiковы залп i, хто верхам, хто пешшу, кiнулiся ўрассыпную па апусцелым мястэчку. Марсiянiн, ступаючы цераз гарматы, а то i сярод артылерыстаў i нават не карыстаючыся цеплавым промнем, апярэдзiў iх i, такiм чынам, знянацку захапiў батарэi ў Пэйнс-Хiл-парку i знiшчыў.

Артылерысты ў Сент-Джордж-Хiле былi больш вопытныя i храбрыя. Прыхаваныя соснамi ад блiжэйшага да iх марсiянiна, якi не чакаў нападзення, яны навялi свае гарматы спакойна, як на парадзе, i, калi марсiянiн быў на адлегласцi каля тысячы ярдаў, далi залп.

Снарады разрывалiся вакол марсiянiна. Ён ступiў некалькi крокаў, пахiснуўся i ўпаў. Усе закрычалi ад радасцi, i зноў артылерысты набiлi свае гарматы. Марсiянiн, якi рухнуў, моцна завыў; у той жа час другi блiскотны гiгант, у адказ на выццё, паказаўся над дрэвамi з поўдня. Магчыма, снарад разбiў адну з ног трыножка. Другi залп быў безвынiковы, снарады пераляцелi цераз падбiтага марсiянiна i ўпалi на зямлю. У той жа час два другiя марсiянiны паднялi камеры цеплавога промня, накiроўваючы iх на батарэю. Снарады разарвалiся, загарэлiся сосны, з прыслугi, якая кiнулася наўцёкi, уцалела ўсяго некалькi чалавек.

Марсiяне спынiлiся i пачалi аб нечым раiцца. Разведчыкi, якiя назiралi за iмi, данеслi, што яны стаялi нерухома каля паўгадзiны. Падбiты марсiянiн няўклюдна выпаўз з-пад свайго каўпака - невялiкая бурая туша, здалёк падобная на грыбную нарасць, - i пачаў рамантаваць трыножак. А дзевятай гадзiне ён скончыў работу, i яго каўпак зноў паказаўся над лесам.

У пачатку дзесятай гадзiны да гэтых трох вартавых далучылiся яшчэ чатыры марсiянiны, узброеныя вялiкiмi чорнымi трубамi. Гэткiя ж трубы былi ўручаны кожнаму з трох першых. Пасля гэтага ўсе сем марсiянаў расцягнулiся ланцугом на роўнай адлегласцi адзiн ад аднаго, па крывой мiж Сент-Джордж-Хiлам, Уэйбрыджам i Сэндам, на паўднёвым захадзе ад Рыплi.

16
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело