Выбери любимый жанр

Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 45


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта:

45

Справа — здаравенны кабель (але меншы за сабрата, усяго сантыметраў восемдзесят), шэра-рабы, вышэйшы на нагах, параты. Пры поглядзе на яго стала мне ніякавата.

— Не дрэйф, — з адценнем пагарды сказаў гаспадар, — не калаціся. Пакуль не скажу — не кінуцца.

— А я і не калачуся, — гаспадар, відаць, быў здзіўлены маім нахабствам, бо я дастаў цыгарэту, працягнуў пачак яму (не ўзяў) і сказаў: — Тут во гэтага, шэра-рабага, трэба баяцца. Камусьці, вядома, іншаму, а не мне.

— Чаму? — пакепліва спытаў Цяцерыч. — Ён жа меншы.

— Парода злосная.

Даводзілася мне калісьці пісаць у адной з прац пра сабакаводства на старадаўняй Беларусі. І, здаецца, гэта быў адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі такая адцягненая матэрыя прыдалася мне ў канкрэтным жыцці. Адсюль вывад: абстрактных, непатрэбных ведаў няма. Такое можа здарыцца ў жыцці, што толькі веданне таго, які чэшскі кароль разбіў манголаў, уратуе табе жыццё, і тады ты з радасці і Кузьму бацькам назавеш.

— Якая ж бы то?

— Гэта вандэйскі грыфон, — сказаў я. — Парода ад «шлюбу», так бы мовіць, вандэйскіх ганчакоў з брэтонскімі грыфонамі (бачыш, ад іхняй рыжай масці і ў гэтага падпаліны ёсць). Страшэнна злосныя. Лепшых пры паляванні па дзікоў не знойдзеш. Ну і ў ганітве на ваўка амаль першыя…

Салвэсь раптам сеў побач са мною і выцягнуў цыгарэту.

— Ну а гэты, гэтыя — добрыя да людзей. І дзіўлюся я, дзе гэта ты, палясоўшчык і, відаць, добры егер, дзве такія рэдкія пароды здабыў. Бо ў Менску мне сустракаць не даводзілася.

— Удалося дзівам, — гаспадар відавочна палагаднеў.

— І сапраўды, дзівосы на калёсах. Такіх брудастых, як ваш Вецер, мне не даводзілася бачыць. А Вар. Гэта ж стэгхоўнд, або аленны ганчак. У мінулым стагоддзі нават Сабанееў Леанід Паўлавіч (а ён паляванне і сабак ведаў, як ніхто, і я хутчэй богу ці сабе самому не паверу, чым яму) налічваў у Англіі — і толькі ў Англіі — усяго дванаццаць зграй, ці свор, бо кожная з адной своркі, з аднаго налыгача спускаецца.

— Ну, можа, з тых часоў развяліся.

— І тое. Толькі вось занадта ён рослы для стэгхоўнда. Ці не павязвалі калісьці некага там з ягоных продкаў з гончай святога Губерта. Што ён, злобны, пешы, вязкі? Голас нізкі, моцны?

— Усё гэта ёсць. А рост? — ён зусім ужо адтаў. — Можа, акселерацыя не толькі сярод людзей ідзе?

— А дзе ўсё ж стары? — занепакоіўся я.

— Прыйдзе. З ім на гэты «вячэрні абход» заўсёды мой Горд ходзіць, ньюфаўндленд. Нават прыцягне ў выпадку чаго.

— Га, ды ў вас тут чыстапародная псярня.

— Ды яшчэ Джальма, лягавая, хорта па-нашаму. — І раптам угледзеўся ў мяне. — А вы выпадкова не з лягавых?

— Выпадкова не з лягавых… Мне тут праўду з забойствам вашага Юлляна ўстанавіць трэба. Бо занадта вяжацца яно з некаторымі цёмнымі справамі. І ў вайну, і цяпер.

— А што толку. Павесілі ж забойцу. Не дапамаглі яму ні апеляцыі, ні касацыі. Ні з кога ўжо той помсты спагнаць нельга… Дый дзед мала што вам сказаць можа. Стаў зусім як дзіця малое. І гаворыць — мала што зразумець можна. А ў вайну ж праваднік у партызан. А ўжо пад семдзесят яму было. І дачка, жонка мая, у партызанах. А дзед ужо і тады быў горам сагнуты ды бядой біты. А зараз яшчэ горш… О, ды вунь ён і ідзе… Самі ўбачыце.

Садам набліжаўся да нас пры эскорце ў два сабакі вельмі высокі (хаця і сагнуты трохі), вельмі кашчавы і вельмі стары чалавек. Ішоў, цягнучы ногі і гледзячы ў нікуды.

Сеў побач з Салвэсем на прыступку, не павітаўся, можа, нават зусім не заўважыў старонняга. Глядзеў у ноч выцвілымі вачыма. А зусім сівыя, вілападобныя вусы (ні даць ні ўзяць перагорнутая дагары нагамі «іжыца») адцянялі выпнутую нібы ад векавечнай крыўды ніжнюю губу і няголенае падбароддзе, а пасля спускаліся амаль да сярэдзіны грудзей.

— Тут, бацька, да цябе… наконт Юлляна… падрабязнасці чалавек ведаць хацеў бы.

Стары сядзеў з каменным тварам.

— Трэба хоць сёе-тое ўспомніць, бацька. Добры, відаць па ўсім, чалавек.

— Усе… усе людзі добрыя, — нібы ў трансе або ў трызненні, ціха пачаў стары, — і вось такое. Юллян… сынок… Пра жыццё тваё думаў… на смерць паслаў… Надта ўжо ласкавы, гады на чатыры старэйшы… І шчарбаты, як Юллян… двох пярэдніх… Ляснічым аж у Цешын, пад самыя… чэхі… Дакуманты… Школа повшэхна… Трыста злотых… У лесе… Застрэлены… Рэвальвера няма… І старэйшая мая пасля чэзла-чэзла дый памерла.

І раптам твар ягоны скрывіўся, як ад плачу, хаця вочы былі сухія.

— Няпраўда, што сыпаў, няпраўда, што выдаваў… Не мог сынок… Забіты сынок.

І тут я зразумеў, што мне ўсё роўна, вінен быў ці нявінен Юллян Сай. Мне стала нават крыху шкада яго. Шкада апасродкавана, праз гэтага дзеда, які плакаў з сухімі вачыма.

Нямая, бязмежная крыўда лямантавала ў гэтым земляным ужо целе, у гэтай істоце, якая некалі была чалавекам і перастала ім быць усяго за тую секунду, што спатрэбілася для нечага стрэлу. Ужо не было сілы, розуму, нават успамінаў. А крыўда жыла. Крыўда была мацнейшая за ўсё.

Я заскрыгатаў зубамі. Яшчэ раз — і на гэты раз ужо назаўсёды — я зразумеў: нічым на свеце, ніякімі нават вышэйшымі меркаваннямі нельга апраўдваць крыўду, якую наносяць жывому чалавеку.

Адмовіўшыся ад начлегу (я не мог болей быць тут, а дзед жа быў тут са сваімі думкамі звыш за чвэртку стагоддзя), я накіраваўся да сцежкі. Цяцерыч вызваўся праводзіць мяне.

— Бачыце, — сказаў ён, калі мы падыходзілі да дарогі, — няшмат жа мы даведаліся… Нічога, прыедзе жонка — яна, можа, больш раскажа. Я дам знаць.

І ўжо стоячы адзін і гледзячы на агеньчыкі, відаць, апошняга прыгараднага аўтобуса, я ўсё яшчэ нібы бачыў леснічоўку і цень чалавека на ганку. Чалавека, які глядзеў у ноч.

Мне зноў пашанцавала. Калі я вылез з аўтобуса, які не заходзіў у Альшаны, а прамаваў проста на Кладна, я ўбачыў, што месца маё займае нейкі чалавек, які здаўся мне нібы крыху знаёмы, а ад прыпынку збіраецца ад'язджаць на нейкай дзіўнай таратайцы, што памятала, мабыць, бацьку апошняга Альшанскага, пан фальварковец з-пад Альшан Ігнась Якаўлевіч Высоцкі ўласнай персонай.

— Стой, воўк цябе рэж, — прыкрыкнуў ён на каня і ўсміхнуўся мне. — Во і вам пашанцавала. Не трэба тых кіламетраў тэпаць.

— Што, адвозілі кагосьці?

— Ды так, кантралёр-рэвізор адзін быў у Семярыках. Датопаў да Альшанкі гэтыя чатыры кіламетры. Ды Ганчаронка сустрэў. Знаёмыя. Тут бухгалтар да старшыні: «Хай яго Высоцкі падвязе. Чаго чалавеку ногі біць? Ну і, глядзіш, прыдасца некалі».

Альшанскі яму:

— Трэба так гаспадарку і твае сальда-бульда весці, каб кантралёр-рэвізораў толькі з далікатнасці на прыпынак вазіць. Каб ведаў, што гэта мы не ад страху, а ласку яму робім. Ладна, хай Высоцкі адвязе.

— А мне што? Я і павёз. Служба такая.

— І што за чалавек?

— Ды дзіўны нейкі, маўчун. Толькі вуса й круціць ды, як каля замка ехалі, спытаў, ці гэта ён і ёсць,

— Нешта ён мне здаўся падобны на кагосьці.

— Ды і мне спачатку, здалёк. Недзе некалі нібыта бачыў. Пасля прыгледзеўся — не, зусім невядомая морда.

Цёмныя купы дрэў часам амаль змыкаліся над дарогай, утвараючы тунель. І ў канцы яго мігцела нізкая калючая зорка. Крыкнуў, заплакаў, зарагатаў у нетрах пугач. Пазнавата. «Песні» іхнія адышлі разам з вясной. Хаця бываюць сярод іх адзінкі, што плачуць і рагочуць летам, нават ранняй восенню.

— Ну а вы адкуль, так бы мовіць? — спытаў Высоцкі.

Маніць не выпадала. Шмат людзей бачыла мяне ў Замшанах, некаторыя (познія смаржкі, відаць, збіралі для аптэкі) — на сцежцы, што вяла да ўрочышча. Дый не люблю я гэтага занятку, акрамя тых выпадкаў, калі іначай — зарэз. І, самае галоўнае, чаму вучыла нябожчыца маці і што я запамятаў на ўсё жыццё: «Хлус павінен мець добрую памяць». Сапраўды, павінен, каб пра нейкія падзеі не збрахаць таму ж самаму чалавеку зусім па-іншаму. Або проста прагаварыцца ненарокам, што не ў Магілеў ты ездзіў, а зусім у Гомель, дзе жыве былая каханка, пра існаванне якой жонка або, яшчэ горш, нявеста вельмі добра ведалі, але лічылі гэта «грахом маладосці, калі ён яшчэ не быў знаёмы са мною».

45
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело