Выбери любимый жанр

Дзікае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 14


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта:

14

Між тым волат дайшоў да лёкая, які, падслепаваты і глухі, не заўважыў гасцей, і раптоўна таргануў яго за плячо. Той драмаў на нагах, але тут раптам усхапіўся, і, разгледзеўшы гасцей, заўсміхаўся на поўны рот, і гаркнуў:

— Вельмішаноўны пан-айцец Грынь Дубатоўк! Пан Алесь Варона!

— Вечар добры, панове, — заракатаў Дубатоўк. — Што гэта вы сумныя, як мышы пад шапкай? Нічога, мы зараз вас узвесялім. Бачыш, Варона, паненкі якія! Зарана я, браце, нарадзіўся. У-ух, прыгажунечкі-красулечкі!

Ён прайшоў праз натоўп (Варона спыніўся ля нейкай паненкі) і наблізіўся да Надзеі Яноўскай. Вочы яго сталі маленькімі і запраменіліся смехам.

— Дзень-вечар добры, донечка! — І гучна цмокнуў яе ў лоб, як стрэліў. Пасля адступіў. — А якая ж ты ў мяне стала зграбная, прыгожая! Ляжаць усёй Беларусі ля тваіх ножак. І няхай на мне на тым свеце Люцыпар смалу возіць, калі я, стары грахаводнік, праз месяц не буду піць на тваім вяселлі гарэлку з твайго туфліка. Толькі нешта вочкі сумненькія. Нічога, зараз развесялю.

І ён з чароўнай мядзведжай грацыяй крутануўся на абцасах.

— Антон, душа цёмная! Грышка, Пятрусь! Халера вас там схапіла, ці што?

З'явіліся Антон, Грышка і Пятрусь, згінаючыся пад цяжарам нейкіх вялізных пакункаў.

— Ну, разявакі-салапякі, кладзіце ўсё да ног гаспадыні. Разгортвай! Э-э, пэцкаль, у цябе што, рукі са… спіны растуць. Трымай, донька.

Перад Яноўскай ляжаў на падлозе вялізны пушысты кілім.

— Трымай, доня. Дзедаўскі яшчэ, але зусім неўжываны. Пакладзеш у спальні. У цябе там дзьме, а ногі ва ўсіх Яноўскіх былі нямоцныя. Будзе табе цёпла. Дарэмна ты ўсе ж, Надзейка, да мяне не пераехала два гады таму. Умаляў яе — не згадзілася. Ну, добра, зараз позна ўжо, вялікая стала. І мне лягчэй будзе, хай яго да д'ябла, гэтае апякунства.

— Прабачце, дзядзечка, — ціха сказала Яноўская, кранутая ўвагай апекуна. — Вы ведаеце, я хацела быць тут, дзе бацька… бацька.

— Ну-ну-ну, — няўмела сказаў Дубатоўк. — Пакінь. Я і сам да цябе амаль не ездзіў, ведаў, што будзеш хвалявацца. Сябры мы былі з Раманам. Нічога, донька, мы, вядома, людзі зямныя, хварэем на абжорства, п'яныя, але ж Бог павінен разбірацца ў душах. А калі ён разбіраецца, дык Раман хоць мінаў часцей царкву, а не карчму, даўно ўжо на небе анёлаў слухае ды глядзіць у вочы сваёй небарацы жонцы, а маёй стрыечнай сястры. Бог — ён таксама не дурань. Галоўнае — сумленне, а дзірка ў роце, куды чарка просіцца, апошняя справа. І глядзяць яны з неба на цябе, і не шкадуе маці, што смерцю сваёй дала табе жыццё: бач, якая ты каралеўна стала. Хутка і замуж, з рук апекуна на ласкавыя ды моцныя рукі мужа. Думаеш?

— Раней не думала, цяпер не ведаю, — раптам сказала пані Яноўская.

— Ну-ну, — пасур'ёзнеў Дубатоўк. — Але… абы чалавек добры. Не спяшайся вельмі. А зараз трымай яшчэ. Вось тут стары наш убор, сапраўдны, не якая-небудзь падробка. Пасля пойдзеш пераапранешся перад танцамі. Няма чаго гэту сучасную свірапяціцу насіць.

— Ён наўрад ці падыдзе, сапсуе выгляд, — лісліва пад'ехала нейкая дробная шляхцянка.

— А ты маўчы, каханая. Я ведаю, што раблю, — буркнуў Дубатоўк. — Ну, Надзейка, і нарэшце вось яшчэ апошняе. Доўга я думаў, ці падараваць гэта, але карыстацца чужым дабром не прывык. Гэта тваё, а сярод гэтых тваіх партрэтаў няма аднаго. Не павінен шэраг продкаў перарывацца. Ты сама ведаеш, бо ты старажытнейшага амаль ва ўсёй губерні роду.

На падлозе, вызвалены ад лёгкай белай ткані, стаяў вельмі стары партрэт такой незвычайнай, відаць, італьянскай работы, якой амаль не знойдзеш у беларускай іканаграфіі пачатку ХVІІ стагоддзя. Не было пляскатай сцяны за спіною, не вісеў на ёй герб. Было акно, адчыненае на вячэрнія балоты, быў змрочны дзень над імі, і быў мужчына, які сядзеў спіною да ўсяго гэтага. Няпэўнае блакітна-шэрае святло лілося на яго хударлявы твар, на моцна сплеценыя пальцы рук, на чорную з золатам вопратку.

І твар гэтага мужчыны быў жывейшы, ніж у жывога, і такі дзіўны, жорсткі і змрочны, што можна было спалохацца. Цені ляглі ў вачаніцах, і здавалася, нават жылка калацілася на павеках. І ў ім было радавое падабенства з тварам гаспадыні, але ўсё тое, што было ў Яноўскай прыемна і люба, тут было агідна. Вераломства, розум, хваравітая вар'яцінка чыталіся ў гэтым ганарлівым роце, уладнасць да закасцянеласці, непамяркоўнасць да фанатызму, жорсткасць да садызму. Я зрабіў два крокі ўбок — вялізныя, усё да дна разумеючыя ў тваёй душы вочы пасунуліся за мною і зноў глядзелі мне ў твар. Нехта ўздыхнуў.

— Раман Стары, — прыглушана адказаў Дубатоўк, але я сам зразумеў ужо, хто гэта такі, так правільна я яго ўявіў па словах легенды. Я здагадваўся, што гэта віноўнік радавога праклёну яшчэ і таму, што твар гаспадыні няўлоўна збялеў і яна ледзь прыкметна хіснулася.

Невядома, чым скончылася б гэтая нямая сцэна, але тут нехта моўчкі і непачціва штурхнуў мяне ў грудзі. Я пахіснуўся. Гэта Варона прабіўся праз натоўп і, імкнучыся прайсці да гаспадыні, адштурхнуў мяне. Ён спакойна ішоў далей, не папрасіўшы прабачэння, нават не павярнуўшыся ў мой бок, быццам на маім месцы стаяў нежывы прадмет.

Я паходзіў са звычайных інтэлігентаў, якія выслужвалі з пакалення ў пакаленне асабістае шляхецтва, былі вучонымі, інжынерамі — плебеямі з пункту гледжання гэтага пыхатага шляхцюка, у якога продак быў даездчыкам у багатага магната-забойцы. Мне часта даводзілася абараняць сваю годнасць перад такімі, і зараз увесь мой «плебейскі» гонар устаў на дыбкі.

— Пане, — голасна сказаў я. — Вы лічыце, што гэта годна сапраўднага двараніна — штурхнуць чалавека і не папрасіць у яго прабачэння?

Ён павярнуўся:

— Вы мне гэта?

— Вам, — спакойна адказаў я. — Сапраўдны шляхціц — гэта джэнтльмен.

Ён падышоў да мяне і з цікаўнасцю пачаў разглядаць.

— Гм, — спакойна сказаў ён. — Хто ж гэта будзе вучыць шляхціца правілам далікатнасці?

— Не ведаю, — спакойна і з'едліва адазваўся я. — Ва ўсякім разе, не вы. Неадукаваны ксёндз не павінен вучыць іншых лаціне.

Я праз яго плячо бачыў твар Надзеі Яноўскай і з радасцю заўважыў, што наша сварка адцягнула яе ўвагу ад партрэта. Фарба з'явілася на яе абліччы, а ў вачах штосьці падобнае на трывогу і жах.

— Выбірайце выразы, — працадзіў Варона.

— Чаму? І, галоўнае, з кім? Далікатны чалавек ведае, што ў кампаніі ветлівых трэба быць ветлівым, а ў кампаніі грубіянаў вышэйшая далікатнасць — плаціць ім той самай манетай.

Відаць, Варона не звык атрымліваць адпор ва ўсёй ваколіцы. Я ведаў такіх ганарыстых індыкоў. Ён здзівіўся, але пасля павярнуўся, кінуў позірк на гаспадыню, зноў павярнуўся да мяне, і ў вачах яго плесканулася каламутная ярасць.

— А вы ведаеце, з кім размаўляеце?

— З кім? З Панам Богам?

Я пабачыў, як поруч з гаспадыняй з'явіўся зацікаўлены твар Дубатоўка. Варона пачынаў кіпець.

— Вы размаўляеце са мною, з чалавекам, які звык драць за вушы розных парвеню.

— А вы не спыталі, можа, нейкія там парвеню часам могуць самі надраць вушы? І не падыходзьце, іначай, папярэджваю вас, ніводзін шляхціц не атрымае такой абразы дзеяннем, як вы ад мяне.

— Хамская бойка на кулакі! — выбухнуў ён.

— Што зробіш? — халодна заўважыў я. — Мне здаралася сустракаць дваран, на якіх іншае не дзейнічала. Яны не былі хамамі, іхнія продкі былі заслужанымі псарамі, даездчыкамі, альфонсамі ва ўдовых магнатак.

Я перахапіў яго руку і трымаў ля яго бока як абцугамі.

— Ну…

— Ах ты! — працадзіў ён.

— Панове, панове, супакойцеся! — з невымоўнай трывогай выкрыкнула Яноўская. — Пан Беларэцкі, не трэба, не трэба! Пан Варона, саромцеся!

Твар яе быў такі благальны.

Відаць, і Дубатоўк зразумеў, што час умяшацца. Ён падышоў, стаў між нас і паклаў на плячо Вароны цяжкую руку. Твар яго наліўся крывёй.

— Шчанюк! — выкрыкнуў ён. — І гэта беларус, гэта жыхар яноўскага наваколля, гэта шляхціц?! Так абразіць госця! Сорам маёй сівізне. Ты што, не бачыш, з кім завёўся? Гэта табе не нашы блазны з курынымі душонкамі, гэта не кураня, гэта — мужчына. І ён табе хутка абарве вусы. Вы дваранін, судар?

14
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело