Выбери любимый жанр

Зброя - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 23


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта:

23

І толькі калі падышлі да схаваных у гушчары троек, раптам ажывіўся:

— А тваіх няма.

— У гушчары сядзяць, — сказаў Алесь.

— І правільна. Зараз я гэтых новавяскоўцаў адклічу.

Свіст аддаўся над дарожкай. Той, пасля якога коні падаюць на калені.

Кірдун заціснуў вушы. А Шчалканаў заварочаў суздальскімі вачыма, засмяяўся:

— Вось яно як. Хлопцы, сюды!

Новавяскоўцы скочылі з козлаў, ламіліся патроху праз гушчар.

Падышлі. Сталі каля Алеся, Шчалканава і Кірдуна.

Алесь глядзеў на рыжага Міхалку Сямёнаўскага, на Ваську Снапа, на ўсіх іншых, якія ледзь не пазбавілі яго жыцця, а сёння сумленна дапамаглі зрабіць смяротна небяспечную справу.

— Ну вось, чынчаль-мінчаль, — сказаў Шчалканаў. — Што зроблена, тое зроблена. Цяпер справа наша старонняя. Цяпер нам у тракцір пад назвай «А я ўвесь час тут». У «Воўчую даліну». Нічога мы не бачылі, нічога не чулі.

— Там Хлюст, — сказаў Міхайла.

— Хлюсту грошы ў зубы, а нож у бок… І вось яшчэ што: калі нехта пачне выхваляцца, я яму сам Хлюстаў падаруначак паднясу.

— Глядзі, як бы нам табе не давялося такога гасцінчыка даваць, — усміхаючыся, сказаў Сноп.

Шчалканаў выпраміўся.

— Не будзе гэтага, андроны… Ну, хадзем.

— Чакайце, хлопцы, — сказаў Алесь.

Ён дастаў грошы.

— Бярыце яшчэ па пяцьдзесят.

— За што? — спытаў Сноп.

— За тое, што ў тым яры мяне не дабілі, — сказаў Алесь. — Падзяка, так бы мовіць.

Новавяскоўцы зарагаталі. Узялі. Пагойдвалі галовамі.

Алесь працягнуў крэдытку Шчалканаву. Але той раптам уздыхнуў і мякка адвёў Алесеву руку.

— Не.

— Чаму?

— А я жаўцякоў для прыслугі купляць не збіраюся… Абет ёсць абет…

Задуменна пакруціў галавою.

— Гэх, казанскі! Вось гэта жыццё!… Ну, казанскі, цалавацца не будзем, а то яшчэ ненарокам кусану за тое, што сваім жыццём жывеш… Не жыццё ў цябе, казанскі, а Кіцеж… А руку дай…

Князь і разбойнік падалі адзін аднаму рукі. Шчалканаў нейкім адчайным, сутаргавым рухам сціснуў Алесеву руку. Потым рэзка адкінуў.

— Усё. Бывай, казанскі.

І пайшоў не азіраючыся. Новавяскоўцы рушылі за ім. Нізкае сонца зырка гарэла за імі, і яны здаваліся не постацямі з плоці і крыві, а проста цёмнымі сілуэтамі, выразанымі з кардону: рухомыя лялькі з тэатра ценяў.

Зніклі. Кірдун і Алесь павярнуліся і пайшлі да коней.

Скручаная папараць. Салатная пад сонцам трава. Толькі тут Алесь адчуў, як яму не хапала ўсе гэтыя гадзіны Андрэя Кагута. Ён мусіў стрымлівацца, каб усё было лепей, ён быў у гэтыя часы не проста чалавек, не брат і не друг, а галава. Ён не мог пасадзіць вызваленага ў брычку і — махнуць да ўсіх д'яблаў.

…А людзі між тым выйшлі з лесу і стаялі ля запрэжак. І сярод усіх Алесь, усё паскараючы крокі, убачыў Андрэя, які стаяў нерухома, быццам адмовіліся слухацца ногі, і толькі недарэчна гладзіў сябе па грудзях.

— Вось і я, — сказаў Алесь. — Вось і я, братка…

Быў поплаў, і на ім звінеў голас… Былі ловы, калі чалавек з гэтым голасам перавозіў цераз Дняпро Галінку Кахно… Быў бунт, калі гэты голас умаўляў Кандрата… Быў кірмаш, на якім гэты голас спяваў Алесеву песню… Было Балота, на якім білі пугай чалавека з такой падобнай патыліцай.

І вось перад ім стаяў чалавек з сінімі вялізнымі вачыма, са змучанай, добрай, амаль жаноцкай усмешкай. Друг, брат, дарагі чалавек.

— Алесь, А-лесь, — сказаў Андрэй.

Ён зрабіў крок, і ногі рухаліся ўсё яшчэ ненатуральна, хаця ён быў пераапрануты ў запасны Алесеў гарнітур.

Абдымаючы адзін аднаго, яны маўчалі. І сярод усіх, здаецца, не плакалі толькі яны.

…Колы спачатку скакалі па карэннях на лясной дарозе, потым прашалахцелі праз шлях, потым каціліся полем, потым — ужо ў змроку — шалёна калаціліся па байраках і каранях на дарозе ў Ізмайлаўскім звярынцы.

Імкнуліся насустрач дрэвы. Веснія зоры гарэлі ў галлі. А два чалавекі ў задняй брычцы ўсё яшчэ маўчалі. І гэтае маўчанне было маўчаннем такой блізкасці, якая рэдка бывае між людзьмі.

І толькі калі блізкая была ўжо лапцеўская падстава, Андрэй раптам сказаў:

— Двух рэчаў не забуду, Алесь. Таго, што ты сёння зрабіў, і яшчэ двара Бутырскай турмы.

— Мо не трэба?

— Трэба. Апошні раз. Каб ведаў. Потым ужо не буду.

— Ну, — сціснуў у цемры ягоную руку Алесь.

— Разумееш, двор. І тут вежа. А ў ёй, кажуць, Ямелька Пугачоў сядзеў.

Голас Андрэя раптам пачаў зрывацца.

— Я не Пугач. Я маленькі чалавек. Мы ўсе маленкія людзі. Давалі б нам зямлю араць ды спяваць сваё не перашкаджалі. Я араў. Усё жыццё араў. І аднойчы заспяваў. І атрымалася: я — Пугач. Атрымалася: досыць заспяваць.

— Песня, брат, была не з мірных.

— Ведаю. Для іх. А мне што? Ну няхай яна для іх нямірная. А мне што?! Для мяне, для цябе, для яго ёсць у той песні зло? Няма. То што нам да іхняга гневу?!

Ён скрыгануў зубамі.

— Мы гаспадары. Не салдаты, а мы. Дык што нам ад іхняга гневу? Чаго яны прыйшлі. Хто іх клікаў? Што ім да маёй песні?… А мяне вывелі ў двор. Барабаны б'юць. Кірушка з пугай куражыцца: «Гэй, бульба, ану, заспявай».

— Ён быў падкуплены.

— Пэўна так. Бо астатнія з першага ўдару ранялі галаву. Але крычаць прымусіць — гэтага яму хацелася. «Спявай, бульба катаржная, спявай». А я маўчу. Я ўвесь этап маўчаў… Адвязалі мяне ад кабылы, адвялі ў клетку. Вядуць, а ў Кірушкі вочы крывёю наліліся. Кажа вартавому: «Шкадую, што звязаўся тут з адным. Спяваць не хоча, то хай бы маўчаў давеку». Замкнулі мяне, і тут я прытомнасць ад ганьбы страціў. А потым усю ноч сяннік зубамі кусаў. Мяне іначай як у бойцы не білі. Не б'юць у нас дзяцей.

— Бачыш, — сказаў Алесь, — была б стайня, то, можа, і прывык бы. І як гэта мой прадзед Акім з дзедам Вежам так схібілі? Ай-я-яй!

— То гэтага я не забуду. Не забуду я гэтага, Алесь.

— Нічога, — сказаў Загорскі. — Цяпер ужо нядоўга.

РАЗДЗЕЛ Х

Вечарам наступнага дня Алесь ехаў з Рагожскай на Смаленскую заставу. Дзіўны, упершыню за многія месяцы, спакой валодаў ягонай душою. Усё было зроблена. Зброя была закуплена. Уцекачы раніцай паспяхова селі на цягнік (пасля «лапцеўскай» падставы Алесь не шкадаваў грошай на коней, узятых з пастаялых двароў). Яны вылезуць з яго недзе ў Дне і пойдуць дабірацца да Прыдняпроўя ямскімі коньмі.

Усё было зроблена. І разам з заспакаеннем у душы жыла пустэча.

Разам з Алесем сядзеў у брычцы Чыўін. Сумна глядзеў, як схілялася за дамы сонца. Маўчаў. І толькі часам звяртаўся да Лебедзя, што ляжаў на дне брычкі і драмаў, паклаўшы на Алесевы ступакі трачаную молем галаву.

— Сабака, ты сабака й ёсць. Паглядзеў бы на першапрастольную апошні раз бачыш. Будзеш там сабе па траўцы зялёнай бегаць ля веткаўскіх скітаў — шчасце тваё.

Макар на козлах толькі галавою круціў.

— Тваё жыццё скончана, як маё… А ўсё ж пад канец падыхаеш. А вось гэтаму сукіну ўнуку — гэтаму шчасце…

Шчанюк, падораны Багатыровым, ехаў на запятках, разам з багажом, у прасвідраванай скрыні.

— Гэтаму — радасць. І не будзе ён на запечатленныя нашы алтары глядзець. І не будзе ён бачыць усёй гэтай брыды. Бугаёў яму не цкаваць, на «скверным» двары не жэрці. А што яму? Бог яму несмяротнай душы не даў. Сабака сабака ёсць.

Алесь пакасіўся на яго і зразумеў, што стары пакутліва крыўдуе.

— Дзяніс Авакумыч… Вось дзівак… Кіньце вы… Я ж вас ніколі не забуду.

— Гэх, князь, забудзеце. Усё чалавек забывае. Дый я сам вінаваты. Дазволіў сабе прывязацца. А для старога такая штука — рэч недаравальная.

Хмыкнуў.

— Паехаў бы я з вамі на Ветку.

— То паедзеш… Сапраўды, паедзеш…

— Позна. У Рагожскай мая сям'я, у Вавілоне гэтым маё нараджэнне. У ім і мая смерць.

Усе маўчалі. Алесь глядзеў на захад, які палымнеў над гэтым горадам пакуты, і ўспамінаў.

Цёмныя вуліцы… Раскоша «сіці»… Закасцянелыя ад пыхі барскія палацы… Ялейныя і тлустыя, як свінні, манахі на Нікольскай… Страшны смурод Зараддзя… Лахманы… Увесь гэты бедны, азвярэлы ад голаду і цемры народ… Мумія «цара-фараона» пад гнілым снегам… Будачнікі са сталамі на галовах… Слепакі пад мурамі Крамля.

23
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело