Выбери любимый жанр

Зброя - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 9


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта:

9

— Трэба будзе табе потым, князь, на Яблычны двор з'едзіць. Там таксама паляўнічымі стрэльбамі гандлююць, сабакамі, усім такім. А што, сланы таксама ў Афрыцы?

— Але.

— Небяспечная штука твая Афрыка. Ля Яблычнага двара, у звярынцы, не так даўно слон звар'яцеў. Усё чыста разламаў. Абкапалі яго ровам — ён не сунімаецца. Каму ахвота? То склікалі салдат, і тыя яго, беднага, пачалі расстрэльваць. Той раве, а яны паляць. «У «Паліцэйскіх ведамасцях» пісалі: сто сорак чатыры кулі ў яго выпусцілі… Вось табе і воінства.

— Мы лепей страляем, — сказаў Алесь. — Прывычка.

— То і добра. А то пабілі б вас тыя сланы зусім. У тым аднаго мяса было дзвесце пяцьдзесят пудоў… Цьху, Пан Божа… А на Кузнецкі забылі? Там у немцаў таксама стрэльбы, і яшчэ падзорныя трубы можна купіць.

— Купім, — супакоіў яго Алесь. — Гэта ў Швабе?

— Трубы — у Швабе.

— Быў там ужо слуга.

Халімон сапраўды пабываў у Швабе. Купіў пяцьдзесят бінокляў. Купілі там і стрэльбаў. Па дзесяць — пятнаццаць, не выклікаючы падазрэнняў, — а на складзе было ўжо сотні тры дубальтовак, дальнабойных, хаця і трохі старамодных ментонаў буйнога калібру, ангельскіх «тыгравых» стрэльбаў. Акрамя таго, трэцяга дня Мсціслаў выехаў чыгункай да Паўлава Пасада, або, па-простаму, «Выхны», з мэтай купіць там сотні тры кінжалаў, дзвесце шабляў і, колькі знойдзецца ў збройнікаў, — агнястрэльнай зброі*.

* Ніжагародская чыгунка тады была даведзена толькі да Выхны.

Усё гэта, праз сваіх людзей, маленькімі партыямі, везлі ў Беларусь. Алесь спадзяваўся, што праз тыдзень на складзе адначасова будзе «начаваць» не больш за сорак стрэльбаў, і тады можна будзе не баяцца паліцыі. Ён ведаў: гэта не канспірацыя. Ён ведаў: справа, якой ён займаецца, можа ў кожны момант каштаваць яму галавы. Але іначай нічога нельга было зрабіць. Толькі і заставалася, што цадзіць яе вось так, па кроплі з розных месц. Бо нават калі б ён спустошыў усе арсеналы Вежы, Загоршчыны і вёсак прыхільнікаў — стрэльбаў не хапіла б на ўсіх людзей. Ён разлічыў: да паездкі ў Маскву адна стрэльба прыходзілася б на пяцёх, калі б край неспадзявана паўстаў. А гэтага можна было чакаць кожную хвіліну. Агнявы фіціль ляжаў на парахавой бочцы, што звалася Беларуссю і Літвой.

— На Кузнецкім была гісторыя, — сказаў купец. — Прыходзіць у каланіяльную краму чалавек і просіць патакі. Сядзелец пытае: «Куды наліць?» Чалавек той знімае цыліндр: «Сюды». Той здзівіўся, але… у кожнага пакупца свая дурына. Налівае. Той яму дае за патаку пяць рублёў. Сядзелец адчыняе шуфлядку, каб даць рэшты. А той яму ў гэты час — хоп! — цыліндр на галаву. Рукі ў касу, за грошы і — лататы.

— І правільна, — з нейкай нават павагай сказаў Макар. — Гэта табе не Чухлама, а Масква. Тут зяваць не даводзіцца.

Наводдаль узвышаўся Крэмль. Сонца на хвіліну прарвала дзённы змрок і заліло яго крывавай барваю. Муры нібы чырванелі наскрозь у ягоных прамянях. І дзіўна было глядзець шэрае жабрацкае мора, што кішэла ля падножжа гэтай страшнай велічы.

Слепакі з павадырамі, гнойныя вочы жабрачак, юроды, язвы і лахманы.

— Пада-айце слепенькаму!

— «Ля-жаў сабе Ла-а-зар на гнаёвай ку-у-пе…»

— Адбіла мне ногі пад горадам Свістопалем…

— Брат! Брат! Нічога ў мяне, акрамя вошай. Дай капейку за дзесятак — да смерці дажыву.

Рукі цягнуліся адусюль. Нібы прасіла ўся гэтая зямля.

— Пацярпеў ад нашэсця інапляменных… Пры Крымскай канфузіі атрымаў кантузію… Вашаскароддзе, на лусту хлеба кавалеру.

Салдат быў страшны. Яго калаціла, бы ў падучай. А з-за ягонай спіны цягнуліся новыя… новыя… новыя рукі.

Адыходзіў з дарогі жабрак, уражаны нейкай хваробай, магчыма, пранцамі. Ніжняй сківіцы не было, і, як у звоне, боўтаўся ў цёмнай зеўры язык.

А над усім гэтым былі барвяныя муры, велічныя вежы, гордыя арлы на шпілях, абрыдлівы спрут, заліты сонечнай крывёй.

…Ледзь цягнуліся праз натоўп. Злева былі Старыя рады. Двухпавярховыя, з каланадай і купалам. Ля каланады, ля «Сталбоў», шумела пірожная біржа. Брудныя пірожнікі з захутанымі ў коўдры скрынкамі на грудзях таўкліся ад калон да помніка Мініну і Пажарскаму. Ніжагародскі мешчанін паказваў ім рукою на Крэмль, на палац, куды з іх ніхто ніколі не трапіць.

— Пірагі з гарохам… Пірагі з гарохам…

— Сам жары, свіння. Давай з сёмгай і кашай.

— Купляй. Сёмужка ў нас о-го!… Закусвай, міл-чалавек. Яна перад тым, як у пірог трапіць, ледзь не бегала.

Хлапчынка торгаў за крысо пірожніка:

— Дяденька, чтой-то у тебя пироги-те с тряпкой.

— А табе, каналья, что ж, за две-то копейки с бархатом, что ли, давать?

Гандлявалі падовымі з падліўкай, «верабейкамі», што плаваюць у масле, блінамі на латочках. І хаця была яшчэ масленіца і людзі елі гарачую каўбасу і пірагі з мясам і яйкамі — некаторыя, абжэршыся скаромінай, прасілі пірагоў з груздамі, са снятком і поснай падлівай.

Ад Лобнага месца як рэзаныя крычалі збіценшчыкі. Здавалася, што там, па-ранейшаму, чвартуюць людзей, а не гарачую ваду з мёдам і карыцай прадаюць.

…Яны кінулі Макара з коньмі ля аднаго з «глаголяў» і пайшлі ў рады. І толькі тады Алесь зразумеў, чаму Чыўін засцерагаў яго. Унутры гэты будынак у стылі маскоўскага класіцызму нагадваў караван-сарай. Нізенькія, як норы, страшэнна доўгія хады. Столь — аркаю. Падлога таксама, бо выбілі за дзесяцігоддзі пакупцы. І ўся гэтая падлога шчарбатая, выбітая. З аднаго боку калідора — крамы, з другога — «авечкі», зашклёныя прылаўкі з дробяззю: вееры, вянчальныя свечкі, панчохі, напарсткі, гальштукі. Адразу відаць, што гніла, дорага, з падманам. А не купіць чалавек — пачнуць здзекавацца, смяяцца, праводзяць смехам і абразамі. Хто рахманы — купіць часам, абы адвязацца.

Праходы загрувашчаны цюкамі і скрынямі. На арках сям-там іконы з «гасімымі» лампадамі (агонь паліць забаронена, таму зімой у тры гадзіны — канец гандлю). І каля ўсіх крам «хлопчыкі» з галоднымі і бледнымі тварамі. Шчокі абмарожаныя, бо холад сабачы, грэюцца гарбатай, перакідваючы з рукі ў руку гарачую шклянку. Ад піцця гарачага на холадзе — амаль ва ўсіх горлы апухлыя, «чушка».

Паўсюль лаянка, выгукі, прыказчыкі цягнуць людзей за рукі ў крамы. Чыўін некалькі ўжо разоў даваў па нахабных руках, бо зацягнуць, закруцяць.

Людзей з глухой правінцыі, чухламскіх купцоў ды калядзінскіх багатых мяшчанак, у радах часам і рабавалі. Затлумяць галаву, а потым — шукай сярод сотняў «сваю краму». Усе аднолькавыя. І прыказчыкі на адну морду — усе нахабныя пысы.

Па радах хадзілі «радскія кухары» з карчагай у адной руцэ, з кошыкам — у другой. У карчазе была гарачая капуста з мясам, у кошыку — місы, лыжкі і хлеб. Міса капусты з мясам і хлебам — дзесяць капеек.

А за радскімі кухарамі ледзь не цэлай гайнёй хадзілі, круціліся пад нагамі ў пакупцоў валацужныя сабакі. Калі набіралася шмат місак з астачай капусты і хлебных недаедкаў — кухар ставіў усё гэта на падлогу, ля свайго кутка… Пасля «мойкі» міскі выціралі брудным сальным ручніком і зноў налівалі тым, хто пажадае, гарачай капусты. Усім было добра.

Кірдун, убачыўшы сабак над місамі, пляваўся на ўсю суконную «Панскую» лінію, аж пакуль не прыйшлі ў «Нажовую».

Чыўін і тут быў незаменны. Бачыў усе купецкія выбрыкі, не дазваляў падмяняць купленага, прымушаў «показывать товар лицом». Алесь увесь час думаў, што ён сам, без Дзяніса Авакумыча, не здолеў бы так ганяць прыказчыкаў і абавязкова накупіў бы непатрэбнага.

Падняліся і ў «палатку», верхняе памяшканне саліднай збройнай крамы купцоў Суравых. Там было ціха, бо не ўсе рызыкавалі падымацца па стромых драўляных сходах, склізкіх ад бруду.

Малады Сураў сядзеў вярхом на лаўцы і граў з прыказчыкам у шашкі. Маўчалі піраміды стрэльбаў. А з-за іх далятаў глуха і страшна пагрозлівы голас:

— Сіцэ… Абіе… ізыдох…

— Гэта хто? — спытаў Алесь.

— Бацька, — абыякава сказаў увесь заліты тлушчам малады Сураў, — па шкоднасці сваёй год ужо ў палатцы «Біблію» чытае. Фантазія, значыцца, такая ў яго, каб прыказчыкаў, хлопчыкаў, ды мяне даводзіць. Толькі мяне не давядзеш — шалі-іш.

9
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело