Выбери любимый жанр

Афганская шкатулка - Федоренко Андрей - Страница 25


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта:

25

Цім уздрыгнуў. «Васіль! — мільганула здагадка. — Гэта ж Васіль прыязджаў! Значыць, не маніў Крушынскі!»

— Так і так, кажа, я блізкі сябар вашаму сыну, разам ваявалі, таму лічу сваім абавязкам як след ушанаваць яго памяць. Калі ў мясцовых уладаў рукі не даходзяць, я сам пастаўлю на магіле помнік. І за тры дні паставіў! Ну, не сам, канечне, прыязджалі з горада майстры. Раствор, бетон, плітка, усё такое.

— Ну, і далей?

— Далей чалавек знікае назаўсёды. А бацькі салдата рэгулярна, кожны месяц пачынаюць атрымліваць грашовыя пераводы. Ды такія сумы, што ім і не снілася! Так і памерлі, дзякуючы ўладам. А я так думаю, — закончыў бацька, — што гэта ён прысылаў! Аднапалчанін гэты самы.

— Канечне, Ва… — ледзь не вырвалася ў Ціма «Васіль». — Канечне, ён! Аднапалчанін!

— Чаму гэта цябе зацікавіла раптам?

— Так, проста… Выява на помніку прыгожая. Вось і падумалася: хто такую мог зрабіць?

— Што праўда, тое праўда — усім падабаецца. Нават з Мінску прыязджалі, фатографы, на кінакамеру здымалі.

У гэтую ноч Ціму сніўся адзін і той жа сон: чалавек, які цягнецца рукою да васілька. Здаецца, вось-вось схопіць яго, сарве — але ніяк! Нібы міраж, растае кветка, расплываецца, аддаляецца. І зноў трэба падпаўзаць да яе, а яна зноў — растала. Нібы кліча некуды, заве за сабою.

Назаўтра з самай раніцы Цім быў у Валіка. А ў таго — поўная кватэра гасцей. Сябры зачыніліся ў Валікавым пакоі.

Цім коратка пераказаў тое, што пачуў учора ад бацькі.

— Ведаеш, што гэта значыць? Што Васіль — не выдумка, а рэальнасць! Ён існуе! Аднаго толькі не разумею.

Ці м пацёр скроні.

— Навошта ён прысылаў бацькам салдата грошы? — падказаў Валік.

— Хоць бы і гэта… Навошта яму ўвогуле так закарцела паставіць помнік? Вось у чым для мяне загадка!

— Ну, мала што.

Валік паціснуў плячыма. У гэты момант увайшла Валікава маці і запрасіла хлопчыкаў да стала.

— Ды еў я, — пачаў аднеквацца Цім. — З дому ж толькі што!

— Ну, хоць гарбаты папіце. І Валік сказаў:

— Хадзем, бо і праўда — госці ж. Няёмка будзе, што мы на вочы ім не паказваемся. Яшчэ падумаюць немавед што.

Але на кухні гасцей ужо не было. За сталом сядзела і піла гарбату толькі адна дзяўчынка. Гэта была Валікава стрыечная сястра Света. Цім павітаўся, Света прамаўчала.

Пачалі піць гарбату.

— А вось у Англіі, калі п'юць гарбату, ніхто не сёрбае! — сказала раптам Света, не гледзячы на Ціма.

Той аж падавіўся. Пачаў піць ціха, адно вуснамі дакранаўся да шклянкі.

— У цывілізаваных краінах лыжачку са шклянкі звычайна выцягваюць, — ізноў зрабіла заўвагу Света.

А каб ты спрахла! Вось дастача! Цім выцягнуў лыжачку, паклаў на сподак.

— Чаго ты прычапілася да яго? — заступіўся Валік за сябра. — Дай папіць спакойна чалавеку. Падумаеш, з'ездзіла ў Англію! Дык што ўжо, такой ледзі зрабілася?

— Не толькі ў Англію. Яшчэ ў Іспанію, Францыю і Германію, — сказала Света і загнула чатыры пальцы. — І гэтым летам у Германію паеду.

Мы перапісваемся сем'ямі. Яны нам прысылаюць падарункі. І нават маркі.

— Як гэта? — пацікавіўся Валік.

Ці м адсунуў шклянку з недапітай гарбатаю і слухаў вельмі ўважліва.

— Звычайна. У канверце, разам з пісьмом.

— А… хіба так можна? — хрыпатым голасам спытаў Цім.

Света толькі гмыкнула ў адказ. Маўляў, толькі так і можна.

Цім схапіў Валіка за руку і пацягнуў з кухні. На калідоры ён нагнуў сябраву галаву і зашаптаў яму ў самае вуха:

— Вось яно! Усё!

— Што ўсё?

— Я ўсё ведаю! Ой-ё-ёй, як усё проста! Грошы ў канверце, разумееш?!

— Не, — шчыра адказаў Валік.

— Шкатулку пераправілі з Афганістана ў труне! Разумееш цяпер? Каштоўнасці ляжаць у магіле! Пагэтаму і прыязджаў Васіль, і помнік паставіў! Гэта ж як сейф! Яны ж там могуць захоўвацца вечна!

Валік быў уражаны не менш за сябра. Цяпер Цім адкрыўся яму з зусім іншага боку. Вось табе і троечнік, вось табе і фантазёр-летуценнік! З нічога, з двух пустых эпізодаў зрабіць такія высновы!

Разам з тым ён не адчуваў зайдрасці да Ціма. Наадварот, яму радасна стала ад таго, што яны — сябры.

Раздзел XX

Зяць Ігар не йдзе на службу, а прыязджае да цесця. — Праслухоўванне касеты. — Груз «дзвесці». — Планы авантурыстаў. — Зяць распісвае цесцю будучае багатае жыццё.

Пасля начнога званка, з якога вынікала, што Ігар знайшоў касету з голасам «афганца», ужо раніцай наступнага дня зяць сядзеў у пустой халоднай цесцевай хаце.

На службу Ігар сёння не пайшоў. Было гэта ўжо само па сабе падзеяй. Заўсёды ён быў абавязковы і дысцыплінаваны. Толькі штось сапраўды надзвычайнае магло прымусіць яго паламаць расклад.

З сабою зяць Ігар прынёс магнітафон, якасны, самсунгаўскі — не тое, што цесцева колішняя «Вясна». Ігар уставіў у яго старую, трэснутую, скочам перамотаную касету.

— Амаль… уся… ноч…на гэта… пайшла, — мармытаў ён чамусьці шэпатам, хаця яны былі толькі ўдвух у хаце.

Доктар Пратасевіч таксама не выспаўся. Цяпер ён усё пазяхаў, слухаючы зяця няўважліва.

— На аловак намотваў істужкі гэтыя… Вось бачыце, нават палец апух. І ўсё ж наткнуўся! Знайшоў! Зараз.

Ігар дастаў аркушык паперы, асадку.

— Учора спісваў з касеты, — патлумачыў ён. — Цяпер, можа, новае штось расчуем, дык адразу запісаць трэба.

Ён урачыста націснуў на клавішу.

Абодва падсунуліся бліжэй да магнітафона і ўталопіліся ў яго; з такім самым заміраннем, нецярпеннем, ледзь не з містычным страхам пазіралі колісь людзі на першае радыё, гадаючы, што гэтая «патэльня» можа выкінуць у наступны момант, чаго ад яе можна чакаць.

Магнітафон трашчаў і сіпеў.

— Стужка старая, клееная ў трох месцах… Слухайце! Во! Во!

Доктар напружваў слых, як мог. Нават нагнуўся над магнітафонам. І праўда, расчуў ён нейкі голас — далёкі, бы з таго свету.

Ігар звяраўся па паперцы.

— Чулі? Чулі?

Цесць не ведаў, што і казаць. Калі шчыра, нічога ён не разабраў.

— Як жа так? — расхваляваўся Ігар. — Давайце яшчэ раз! Я вам буду расшыфроўваць.

Адматаў назад касету. Пачаў, як глухому, кожнае слова перакладаць цесцю.

— Чуеце? «Запамінай… Разам з грузам дзвесці.»

Цяпер доктару падалося, што сапраўды — ён разбірае голас пятнаццацігадовай даўнасці, узмоцнены зяцем.

Зноў трэск у магнітафоне.

— Вось! Слухайце! «…Пераправілі шкатулку… Паедзеш у Вялікую Паляну. Вялікую Паляну — запомні!.. Знайдзі шкатулку.» Ну, як вам?!

— Гэта ўсё? — расчаравана спытаў доктар.

— А гэтага мала?! — Ігар аж з месца падхапіўся і забегаў туды-сюды па пакоі. — Як жа вы адразу не датумкалі?! Тады яшчэ, у Маскве, калі першы раз слухалі?

— Ты ж не раўняй свой магнітафон з маім, — пачаў апраўдвацца доктар. — Ды і слых у мяне не раўня твайму.

— Груз дзвесці! Груз дзвесці! — паўтараў, не слухаючы яго, Ігар. — Гэта ж дурню зразумела! Гэта ж цынкавая труна, так?

— Так.

— Яны ў труне пераправілі каштоўнасці! Разам з забітым салдатам! Разумееце? Цынкавая пасылка!

— Паслухай, Ігар, — сказаў доктар. — Не бяры ты ўсё так блізка да сэрца. Гэта ж можа быць звычайнае трызненне чалавека пад наркозам! Яны табе ведаеш чаго нагаварыць могуць у такім стане? Цэлыя аповесці, раманы! Толькі слухай ды запісвай за імі.

— А я веру!

— Добра. Нават калі гэта і праўда — дык за пятнаццаць гадоў даўным-даўно ўсё распатронілі, тысячу разоў можна было гэтую магілу раскапаць, і.

— Вы так думаеце? А хто пра гэта ведаў? Акрамя барадача? А вы ўпэўнены, што «афганец» паспеў расказаць барадачу ўсё?! Да канца?

Доктар задумаўся. А сапраўды!

— Можа быць, яму перашкодзілі? І потым, пад наркозам, ён як бы дагаворваў сваю споведзь! Тады атрымоўваецца — мы з вамі адзіныя, хто ведае праўду!

— Столькі часу мінула, — няўпэўнена сказаў доктар. — Калі ў труне і былі каштоўнасці, барадач іх даўно выкапаў бы.

— Калі б ён іх выкапаў, дык чаго б яму там сядзець, ашывацца столькі часу? Яго і след прастыў бы за мяжою дзе-небудзь! Ён даўно ўжо дзесь у Парыжы тырчэў бы!

25
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело