Афганская шкатулка - Федоренко Андрей - Страница 3
- Предыдущая
- 3/50
- Следующая
— …Бярэш старыя валёнкі, — з паблажлівай цярплівасцю тлумачыў нядаўнім ворагам форвард, — адразаеш ніз, усярэдзіну ўстаўляеш сухія палачкі, нарэзаны са старога арэшнікавага вудзільна, а яшчэ лепш з бамбукавага. Прышываеш ззаду матузкі — усё. Работы на паўгадзіны, а хапае на ўсю зіму. І лёгка, і ніякая шайба не праб'е!
У гэтым хлопцы-сяльчане і самі ўжо змаглі пераканацца.
— Усё, паехалі!
— Канчай перакур!
Разыгралі капітаны, каму якія вароты. Зноў раздзяліліся каманды на сваіх і чужых, раз'ехаліся на свае палавіны.
Капітан зарэчанцаў дужа любіў, каб усё было «як па тэлевізары». І цяпер паклікаў сваіх са змоўніцкім выглядам:
— Сюды давайце…
Наказы яго заўсёды былі самыя банальныя, адна агульшчына. Напрыклад: «Лягаем касцямі!», альбо «Гасіць іх, хлопцы, колькі зможам!». Хоць смейся, хоць злуйся, хоць усур'ёз успрымай. Аднак з'ехаліся, сталі вакол Цімы-варатара, галовы панахілялі — каб не дай Бог хтосьці з чужакоў не ўчуў такога важнага сакрэту.
— Чуць што — на пасы, — азіраючыся, прашаптаў Віцька.
Вось гэта сказануў! І так заўсёды. Нібы без яго не ведалі, што трэба на пасы, нібы толькі ў крайніх выпадках так гуляюць!
Укідванне ў цэнтры. Сяльчане выйгралі, адпасавалі да сваіх варот. І раптам шустры іх абаронца, забыўшы асцярогу, падхапіў шайбу і сам панесся наперад.
— Прапусціць! Не чапаць! — пранеслася сярод зарэчанцаў. Усё правільна. Хай ляцяць у чужую зону, хай агаляюць тылы.
Віцька Швед справа, Валік злева застылі на цэнтральнай лініі. Валік быў як напятая струна, як бягун на старце, гатовы ў любы момант сарвацца з месца. Ён толькі нецярпяліва пастукваў клюшкай аб лёд.
Хітрасць зарэчанцаў апраўдалася. Шустраму абаронцу далі прайсці амаль да самых варот.
Падманеныя яго ўдачай, заслізгалі яму на падмогу яшчэ двое. Дарма трывожна крычаў ззаду адзінокі варатар: «Чаго вы ўсе туды?!» Каля варот абаронцу акуратна прыціснулі з двух бакоў, узяўшы ў «кораб», — так, што ён не мог зварухнуць ні рукой, ні нагой. Шайба марудна падкацілася да Цімы. Той з размаху шчоўкнуў па ёй — ды не абы адбіць, а прыцэльна, проста Валіку на клюшку. Форвард ірвануў з месца ракетай. Як поршні, замільгалі яго цыбатыя ногі. Паніка сярод сяльчанаў!
Абвесці нізкарослага абаронцу бамбізу-Валіку было раз плюнуць. Каронны фінт — клюшка з правай рукі перакідваецца ў левую, абаронца ззаду, а Валік адзін перад варотамі.
— Ну! Забівай!
Варатар, зразаючы вугал, адступаў і адначасова азіраўся, каб не «згубіць» варот. Левы верхні куток і правы ніжні былі зусім адкрытыя.
Доўга такое пасля ўспамінаецца. І крыўдна тады, і прыкра, і так ясна бачыш сваю памылку! І толькі аднаго прагнеш — вярнуць той міг! Ну, як-небудзь! І тады ўсё адбылося б інакш!..
Кідок. Варатар марудна заваліўся на спіну. Шайба мёртва была заціснута ў яго між каленяў. Ніякая сіла не выб'е, не выкалупае цяпер яе з-пад яго.
Засвісталі, загалёкалі ад радасці сяльчане. Пад'язджалі, ляпалі па плячы мужнаму свайму брамніку, стукалі клюшкамі аб шчыткі. Пануры Валік, сплёўваючы на лёд, каціўся да сваіх. Віцька Швед зняў пальчатку і паказаў яму кулак:
— Мазіла!
Адзін Цім, верны сябар, не стаў сыпаць соль на раны, а яшчэ і падбадзёрыў:
— Усё нармалёва, малайчына! Цудоўны выхад! Разыгралі ў зоне сяльчанаў — і ўсё адзін да аднаго паўтарылася. Той самы абаронца, якога спярша і ўсур'ёз не ўспрынялі, ізноў распачаў да чужых варот паход. Толькі цяпер стала даходзіць, што не выхвальства гэта з яго боку, не самадзейнасць, а тактычныя хітрыкі. Так было задумана, так спланавана.
І апраўдала сябе! Не падрыхтаванымі аказаліся зарэчанцы. Прамаргалі на гэты раз, не паспелі заціснуць — выпусцілі. Абаронца, акурат як Валік хвіліну таму, выходзіў адзін на адзін.
Ну, Цімка, цяпер толькі на цябе надзея! Цяпер твой чарод даказваць, на што здатны! Выручай, дарагі! Успомні трэніроўкі.
Вось тут і здарылася страшнае для зарэчанцаў. Іхні варатар не прысеў, не выставіў перад сабою клюшку, не выкаціўся абаронцу насустрач. Нааадварот, ён выпрастаўся і апусціў клюшку. Ён нават глядзеў не на абаронцу, а кудысьці паверх яго — туды, дзе на чырвоным захадзе дагаралі рэшкі сонца. Валік імгненна перахапіў яго пагляд і таксама ўперыўся ў той бок вачыма.
На стромкім беразе кар'ера стаяў, абапіраючыся на лыжныя палкі, высокі барадаты чалавек. З-за спіны ў яго выглядвала руля стрэльбы. Каля ног яго застыў вялікі кашлаты сабака. Чалавек, відаць, нямала ўжо часу стаяў вось так і сачыў за гульнёй. І толькі заўважыўшы, што глядзяць на яго, паспешліва адступіў назад, да цёмнай сцяны хвояў. Затым пружыніста адштурхнуўся палкамі і знік разам з сабакам у лесе. Валік страсянуў галавой. Усё адбылося да таго хутка, што, мабыць, толькі яны з Ці мам і паспелі заўважыць барадача.
— Гол!!! — гарлапанілі, абдымаліся, пакідаўшы на лёд клюшкі, сяльчане.
Шайба ляжала ў варотах. Валік вярнуўся да рэальнасці. Злосць на сябра раптам ахапіла яго. Варатар! Разявіў рот на нейкага барадача! На роўным месцы, з-за нічога прапусціць такі гол.
— Дзірка! — гучна, пагардліва сказаў ён.
— З каманды «Рэшата»! — ахвотна падтрымаў яго хтосьці з сяльчан, які праязджаў побач.
Цім не абазваўся. Гледзячы сабе пад ногі, раскалупваў каньком трэшчыну ў лёдзе.
Раздзел II
Ноч. — Прымірэнне. — Цімава тайна. — Загадкавы барадач. — Утульныя агні хат. — Валік не разумее Ціма.
Усё было скончана. Неяк раптоўна апусціліся прыцемкі, нібы таксама толькі і чакалі гэтага гола. І нібы толькі цяпер апамяталіся хлопцы. Успомнілі, як позна ўжо, адчулі якія яны натомленыя і галодныя. А яшчэ ж дадому колькі дабірацца, а яшчэ ж урокі вучыць. Гэта пасля, заўтра, будзе размоваў! І пра «мазілу» Валіка, і пра гэты апошні гол, прапушчаны «дзіркаю» Цімам. Будзе здзеклівая сценгазета. Будуць перажываць за іх, спачуваць ім, сваім хлопцам, зарэчанскія дзяўчаты. Будуць хадзіць ганарыстыя, з задзёртымі да неба насамі сяльчане, якім на калідоры дарогу трэба будзе даць, у гардэроб і ў буфет без чаргі пусціць. І нічога тут не папішаш. Такія законы. Слабейшы павінен змірыцца.
Вось яны, наступствы Цімавай правіннасці, вось які падарунак зрабіў ён свайму Зарэччу.
Дамоў вярталіся праз лес. Ад месяца, зорак і снегу было светла. Сяльчане ішлі наперадзе, вясёлай гаманкой кампаніяй. Панурыя зарэчанцы расцягнуліся па ўсёй дарозе. Валік дагнаў Ціму. Пайшлі побач. У абодвух на плячах былі клюшкі, на якіх — канькі і клункі з хакейнай амуніцыяй; у Цімы акрамя ўсяго яшчэ і грувасткі скрутак паралону. Збоку, перпендыкулярна ім, рухаліся дзве цені, большая і меншая. На гэтых ценях, ды яшчэ са сваімі клункамі за плячыма, хлопцы падобныя былі на колішніх пілігрымаў ці на Дон Кіхота з Санчам Пансам.
— Пакрыўдзіўся? — вінавата спытаў Валік. Маўчанне. Канечне, пакрыўдзіўся. Валіку тым больш прыкра было, што яго, калі ён не забіў гол, сябар суцешыў, падбадзёрыў. А ён? І навошта вырвалася тое дурное слова? Які б ні быў важны гэты паядынак, ён усяго толькі гульня, забаўка, і не такія ўжо праблемы сусветнага маштабу вырашаліся яго вынікам, каб накідвацца на чалавека. Ды яшчэ на такога, як Цім.
— Не ведаеш, што па тэлевізары сёння? Маўчанне.
— Ну хопіць табе… Досыць ужо. Чуеш? Маўчанне. Нічога, хай. Раз маўчыць — ужо добра. Значыць, хутка адыдзе. Валік добра ведаў яго натуру. Цяпер проста трэба самому больш гаварыць, балбатаць абы пра што. І настане момант, калі сябар вымушаны будзе ўклініцца.
— Цім, паслухай… Дык табе што, сонца ў вочы бліснула? Ці ты. з-таго барадача?
Тут Цім рэзка спыніўся, Валік аж наляцеў на яго.
— Ты таксама яго бачыў?
— Бачыў.
— І пазнаў яго?
А што тут пазнаваць? Гэты барадаты мужчына, ці дзядзька, ці хлопец — хто ён там, ужо мо з паўгода жыве адзін у хатцы ў лесе. Купіў яе ў лясніцтва. Зрэдку заходзіць у краму, дзе Валікава маці прадаўшчыцай, купляе мала і самае неабходнае: хлеб, крупы, цыгарэты. Ніколі — віно ці гарэлку. Маўклівы, дзіўны, загадкавы. Не больш таго. Чужы тут — дык у іхняй Вялікай Паляне цяпер паўсяла чужых. То нейкія бежанцы, то з чарнобыльскай зоны перасяленцы, што таксама дзіўна — Чарнобыль нібыта даўно прайшоў, скончыўся, а іх усё не менее. Гарадскія скупляюць кінутыя хаты пад дачы, будуюць новыя — палавіну поплава ўжо занялі, да лесу падбіраюцца. Лішні чужы чалавек сярод іх навіна невялікая.
- Предыдущая
- 3/50
- Следующая