Выбери любимый жанр

Афганская шкатулка - Федоренко Андрей - Страница 32


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта:

32

Віка прачнулася, калі на двары ўжо развіднела. Нарэшце скончылася праклятая адліга. За вакном ляжаў свежы снег. У леснічоўцы было халаднавата — значыць, за ноч узяўся і мароз. Дзяўчынка, усунуўшы ў валёнкі ногі, падыйшла да грубкі, прыклала далонь. Нават цэгла была халодная. Віка павярнулася да «ляжанкі» Крушынскага. і аслупянела.

Ніякага Крушынскага не было. На яго месцы ляжаў і ціхенька хроп нейкі незнаёмы мужчына. Праз увесь твар яго — ад падбародка да самай шчакі, цягнуўся крывы, выпуклы шнар.

«У Афгане паранены ў сківіцу!..» — успомніла Віка аповед Крушынскага. Дык гэта ж. і ёсць Васіль! Крушынскі прывёў яго ўночы, паклаў на сваё месца, вось ён і спіць тут!

Мужчына прыкрыў далоняю вочы.

— Што гэта… светла так? — прамармытаў спрасонку. голасам Крушынскага. Затым расплюшчыў вочы. Падхапіўся і сеў.

Віка пільна глядзела на яго. Ён пачырванеў і адвярнуўся.

— Дык вось яно што, — прамовіла яна. — Вось чаму ты быў такі ўпэўнены, што ніякі Васіль тут з'явіцца не можа. Бо Васіль — гэта ты!

Ён маўчаў.

— Гэта ты даглядаў у шпіталі скалечанага «афганца»?

— Я.

— Гэта табе ён расказаў перад смерцю пра шкатулку?

— Мне. Ну вось… Цяпер ты ўсё ведаеш. Сама ж прасіла згаліць бараду. Думала, гэта я так, ад няма чаго рабіць, дзеля моды яе гадую? Цяпер, нябось, і пазіраць на мяне брыдка.

Віка працягнула руку і пагладзіла шнар пальцам. І раптам хутка прысела на коленцы, нагнула Крушынскаму галаву і дакранулася да шнара вуснамі.

Моцны стук у дзверы прымусіў іх абодвух уздрыгнуць.

— Хто там? — крыкнуў Крушынскі.

— Гэта мы, дзядзька Барыс! — пачуўся голас Ціма, а таксама радаснае, нецярплівае сабачае цяўканне. Прыйшлі хлопцы і прывялі Барса.

Віка, спяшаючыся, нацягвала світэр і спартыўныя штаны.

— Пачакайце хвіліну, дайце апрануцца…

І праўда, не больш чым праз хвіліну ён ужо адчыняў дзверы. Хлопцы, і сабака разам з імі, не ўвайшлі, а ўсе ўтрох проста-такі ўваліліся ў леснічоўку. Барс, які б рады гаспадарам ні быў, на грудзі кідацца не адважыўся, шмыгнуў на сваё месца. Цім з Валікам ад узрушэння, і ад таго, што патрапілі пасля двара ў хатку і вочы іхнія яшчэ не паспелі прывыкнуць, нават не адразу заўважылі, што Крушынскі не такі, як звычайна.

— Вы чыталі маю… запіску? — Цім захлёбваўся словамі. — Васіль раскапаў магілу! Пазаўчора ўночы! А мой бацька.

— А яго бацька, — перабіў Валік, — вырашыў, што гэта вы!

Валік замоўк раптам. І Ціму, які сабраўся быў гаварыць, наступіў на нагу — маўляў, паглядзі, хто перад табою!

Але Цім не заўважаў нічога.

— …Бацька прыходзіць учора ўвечары, — тарабаніў ён, — і хваліцца: ведаю, кажа, хто раскапваў магілу! Сляды, кажа, у леснічоўку вядуць, а мне гэты барадач заўсёды быў падазроны. Я ледзь стрымліваўся, каб не засмяяцца! Яны ж не ведаюць, што са спецслужбаў! Во смеху будзе, калі прыедуць вас арыштоўваць! Уяўляю іхнія твары!

— Ты спачатку на гэты твар паглядзі, — няветліва абарвала яго Віка. — Разуй вочы! Які ён спецслужбіст? Ён і ёсць Васіль. я хацела сказаць, што ніякага Васіля не існуе ўвогуле, — сама заблыталася.

Цім нарэшце падняў вочы на Крушынскага — і здранцвеў. Нейкі час у леснічоўцы панавала нямая сцэна.

— Дык… тады хто раскапаў магілу? — парушыў маўчанне Валік.

А Цім усклікнуў:

— Якая розніца?! Бацька яшчэ з раніцы пайшоў у лясніцтва, каб у Жытнявічы, у міліцыю пазваніць! Яны ж вось-вось прыедуць сюды! Па вас!

— Па мяне? Супакойся, — прамовіў Крушынскі. У самога ў яго, аднак, выгляд быў крыху разгублены. — Якая магіла, якія раскопкі. Нічога не разумею.

— Ды што тут разумець?! Уцякайце, хавайцеся, пакуль не позна! Кажу ж — зараз тут будзе міліцыя!

— Цім, не падымай паніку. Вы ж ведаеце, мяне не было тут усе гэтыя дні.

— Ды ў тым і справа! Бацька хваліўся, што рыдлёўку нейкую знайшоў у вас у двары! А ёй зямля, з магілы!

Крушынскі раптам замітусіўся, выцягнуў ключы з кішэні, потым скрутак грошай. Кінуў грошы на стол, адздзяліў адзін ключ ад кольца. Тады апамятаўся.

— Што за абсурд! — паглядзеў на Віку. — Хаця вось іменна абсурд. Я ж нават не магу сваім алібі пакарыстацца. Так, слухайце мяне ўважліва! Калі яны сапраўды прыедуць — я не ведаю вас, а вы мяне! Запомніце гэта. Для вас жа лепей, а найбольш — для Вікі. За мяне не хвалюйцеся. Нічога яны мне не зробяць. Калі і забяруць, дык патрымаюць крыху і адпусцяць. Але вас я падстаўляць не хачу!

— Віка, — звярнуўся да дзяўчынкі і да гэтага цвёрды яго голас пацяплеў, — вось табе запасны ключ, вось табе грошы. Святло пастарайся не запальваць, прадукты пакуль ёсць. Калі што — хлопцы купяць і прынясуць. Чуеце, хлопцы? Каб глядзелі яе, як сястру! Што б там ні здарылася.

— Не бойся, Віка, — горача запэўніў Валік, — з намі не прападзеш!

— Я і без вас не прападу…

А Ціму нават у такі момант іншае не давала спакою:

— Той, хто капаўся ў магіле, забраў каштоўнасці! — заявіў ён. — А рыдлёку вам падкінуў, каб зваліць на вас усё!

— Цім, ды не магло там быць ніякіх каштоўнасцей.

Крушынскі не дагаварыў і пачаў прыслухоўвацца. Барас таксама падхапіўся, загаўкаў звонка.

Усе выскачылі на двор. Аддалёку чуваць было гуркатанне машыны.

— Так, — распарадзіўся Крушынскі, — усе ў лес! Час у нас ёсць, блізка усё-адно яны не змогуць пад'ехаць!

Сам кінуўся ў хатку, ліхаманкава сабраў, запіхнуў у сумку нямногія дзяўчынкавы рэчы. Не забыў прыхапіць са стала грошы і ключ. Ізноў на двор:

— Хутчэй адсюль!

Машына ўжо не вуркатала, відаць, ужо ішлі сюды пехатою. Калі дзеці зніклі між хвояў, Крушынскі вярнуўся ў леснічоўку. Сеў і спакойна закурыў сабе, ні аб чым не думаючы. Чакаў ён нядоўга. На двары затупалі. Без стуку расчыніліся дзверы і на парозе ўзнік Цімаў бацька-ляснік, за ім — два міліцыянеры ў форме. У руцэ ў лясніка была ягоная, Крушынскага, рыдлёўка.

— Пяць хвілін табе на зборы, — не вітаючыся, нічога не тлумачачы, сказаў адзін з міліцыянераў.

А ў лесніка раптам аж рыдлёўка — доказ віны Крушынскага — выпала з рукі і бразнулася аб падлогу.

— Пачакайце… дык я ж яго ведаю! — разгублена неяк сказаў ляснік. — Я пазнаў яго, без барады! Гэта ж. ён прыязджаў сюды гадоў пятнаццаць назад! І ставіў помнік на магіле!..

Са сваёй хованкі, закрытыя кустамі ядлоўцу і хвоямі, дзеці бачылі, як выводзілі Крушынскага. Ён замкнуў хатку.

— Рукі за спіну! — скамандавалі яму.

Барс проста разрываўся нейкім істэрычным брэхам.

Раздзел XXVII

Адныя. — Агеньчык каля кар'ера. — Хлопцы даведваюцца ўсю праўду. — Што рабіць? — Віка размаўляе з Барсам.

Хоць у Вікі і быў запасны ключ, і хоць Цімаў бацька таксама паехаў у міліцэйскай машыне — «для дачы паказанняў», а гэта значыла, ніхто чужы не прыдзе больш у леснічоўку, ва ўсіх трох не было ніякага жадання вяртацца ў апусцелае жытло. Без Крушынскага леснічоўка губляла сваю таямнічасць, прыцягальнасць, а рабілася звычайнымі чатырма сценамі і дахам, што чамусьці недарэчна тырчаць сярод лесу.

Адно, Віка заскочыла на якую хвілінку, узяла што-кольвечы з прадуктаў, прывезеных учора з Гомеля. Хлеб, сала, тры яблыкі, каўбасу. Не забыла прыхапіць і запалкі.

Хлопцы павялі яе да свайго кар'ера. Адшукалася і зацішнае месца — на стромкім беразе тры паваленыя хвойкі, на якіх можна было сядзець, як на лавачках, а пасярэдзіне гэтага трохкутніка — акурат пляцовачка для агню. Унізе, пад самымі нагамі, быў кар'ер — як якое возера. Іншым часам, асабліва ўлетку, сядзець бы на гэтым высокім беражку ды любавацца прыродаю. Але цяпер хлапчукам нават у галаву не прыйшло, што не так даўно бесклапотна ганялі яны тут шайбу. І найбольшай бядою для іх быў прапушчаны гол! Колькі за гэты час адбылося падзей! У тым ліку і сапраўдная бяда.

Цяпер хлопцы адчувалі, што зрабіліся амаль дарослымі.

Расклалі агеньчык. Валік прыцягнуў аднекуль сухую, доўгую і даволі тоўстую хвойку. Адным канцом паклаў на вагонь. Згарыць кавалак — зноў трэба падпіхнуць трохі.

32
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело