Афганская шкатулка - Федоренко Андрей - Страница 36
- Предыдущая
- 36/50
- Следующая
— Яго таксама можна зразумець, — апраўдваў Крушынскага Валік. — Ён правільна зрабіў. Падумай: цэлыя канікулы мы жылі гэтай тайнаю! А калі б ён проста прагнаў нас? Нічога не прыдумваючы? А так — ціквей было жыць.
Зрэшты, нават і ведаючы, што скарб — усяго толькі міф, прыдуманы Крушынскім, хлопцы пачуваліся героямі. Гэта ж менавіта яны раскрылі злачынства; міліцыі толькі заставалася арыштаваць віноўных! Гэта ж менавіта яны мала таго, што ўратавалі ад турмы Крушынскага, дык яшчэ і памаглі «легалізаваць» Віку. Цяпер дзяўчынцы не трэба было хавацца. Усё проста. Са слоў Ціма з Валікам вяскоўцы ўжо ведалі, што яна — пляменніца Крушынскаму, прыехала да яго з Гомеля на канікулы. Пажыве крыху, ды і паедзе.
— А што: гэтага доктара, і таго, другога, хто з ім быў — у турму пасадзяць? — пацікавілася Віка ў Крушынскага.
Быў позні вечар. Крушынскі сядзеў на сваім любімым месцы — перад грубкай, і пакурваў у комін.
— Гэтых? — рассеянна перапытаў ён. — Ды не, наўрад ці. Суд улічыць і матывы, і нанесены ўрон, і гатоўнасць кампенсаваць гэты ўрон, і характарыстыкі на іх, і раскаянне. Упэўнены — выкруцяцца яны!
Забягаючы наперод, скажам, што Крушынскі як у ваду глядзеў. Так і атрымалася. Не падмануў зяця Ігара знаёмы юрыст, усё сышло аферыстам з рук, лёгкім перэпалахам абыйшлося; хаця ў Ігара і былі вя-я-лікія непрыемнасці па службе!..
— А шкада, — прамовіла Віка. — Шкада, што гісторыя з афганскай шкатулкай усяго толькі легенда. Выдумкі!
Крушынскі сядзеў прыгорбіўшыся. Маўчаў. Часта зацягваўся цыгарэтаю. Віка ўважліва паглядзела на яго. Раптам неверагодная здагадка цюкнула ёй у галаву. Толькі жанчына можа ўгадваць такія рэчы (а не Цім з Валікам; яны адразу паверылі, што ніякага скарбу не было!).
— Ці… гэта не легенда? — прашаптала Віка.
— А ты як думаеш? — павярнуўся ён да яе.
— Я магу і памыляцца… Але думаю, шкатулка існавала. Ты даўно забраў яе. Яшчэ калі ставіў на магіле помнік.
Віка сказала, а сама сцялася ўнутрана. Ёй страшна было, што рассмяецца зараз Крушынскі, альбо проста агрызнецца: «Ды колькі можна?! Як мне ўсё гэта надакучыла?!»
Не засмяяўся. Не агрызнуўся.
— Гэта было вельмі лёгка зрабіць, — толькі і сказаў вінавата і ціха. — Помнік тры дні ставілі. Раствор, бетон, крошка, там падкапаць, там падважыць. Вось я і выбраў адну ноч… Нават рабочыя нічога не заўважылі.
— І ты… ўсё патраціў?! За гэтыя пятнацацць гадоў?!
— Не паверыш, але амаль што нічога.
— Дык шкатулка ў цябе?
— Яна схавана ў надзейным месцы. Я, Віка, калі б нават і захацеў, дык нічога не змог бы патраціць.
— Як… гэта?
— Так. Гэта не мае каштоўнасці. Яны не прыносяць мне шчасця, — сур'ёзна гаварыў Крушынскі. — Проста містыка нейкая! Праўда: за гэты час я паверыў і ў Бога, і закляцці, і ў забабоны, і ва ўсё замагільнае, нерэальнае. Ды тут любы на маім месцы паверыў бы. Гэта праклятыя каштоўнасці, Віка! Я не магу імі распраджацца, не магу траціць іх на сябе, а яны не адпускаюць мяне! Ведаеш выраз сабака на сене? Вось так і я! Як ланцугом якім да гэтага месца прыкуты! Як вартаўнік, што павінен быць заўсёды побач!
— А ты… спрабаваў іх траціць?
— Яшчэ і як спрабаваў. Але ўсё ператваралася толькі ў шкоду мне.
— І што, аніяк немагчыма ад іх пазбавіцца? — спытала яна спагадліва. — Ну, аддаць каму-небудзь… Хіба мала знайшлося б ахвочых?
— Пасылкаю паслаць, як Бэндэр пасылаў свой мільён камісару фінансаў? — пасміхнуўся Крушынскі. — Пазбавіцца, аддаць іх, канечне, можна было б… Вось толькі ці аддадуцца яны? Ці захочуць яны ў чужыя рукі аддавацца? Вельмі і вельмі сумняваюся!
— У мяне, дарагая Віка, крыху іншы план, — працягваў Крушынскі. — Здаецца, толькі цяпер я пачынаю штосьці разумець. Цяпер — калі ты ў мяне паявілася. Помніш, некалі я казаў, што цябе, можа, сам Бог прыслаў — як збавенне мне, як падказку выбару далейшага шляху? Дык вось: калі я пачаў, прабач, траціць сёе-тое на цябе. Вось тут грошы слухаюцца! Вось тут усё ідзе нармальна! Нібы нейкі сігнал паступае, нейкі званочак звініць — усё правільна, ты, Крушынскі, робіш тое, што трэба! І таксама было, калі я штомесяц пасылаў грашовыя пераводы бацькам «афганца»; звінеў той жа «правільны» званочак, усё ішло ў мяне добра і душа была больш-менш спакойная! Дык, можа, у гэтым справа?
Крушынскі не сцвярджаў, ён раіўся з Вікай, як з дарослаю.
— Як ты думаеш? Можа, закляцце з гэтых каштоўнасцей здымаецца менавіта так: не на сябе трэба іх траціць, а на іншых? На тых, каму каму гэтыя каштоўнасці неабходныя, хто мае ў іх сапраўдную патрэбу.
— Як… я, напрыклад? — сказала Віка, гледзячы ў падлогу.
— Як ты, напрыклад, — пацвердзіў Крушынскі. — Няўжо ты думаеш, што лёс звёў нас выпадкова?..
Дзяўчынка слухала і не ведала, верыць усяму гэтаму, ці не. Яна так мала чаго ў жыцці бачыла. Для яе нават тая звычайная гомельская двухпакаёўка, дзе яны з Крушынскім трое сутак пражылі, здавалася нейкім незямным цудам, ледзь не вяршыняю чалавечага шчасця. І раптам — такое! Шкатулка, незлічонае багацце — і ўсё гэта ў рэальнасці!
І Крушынскі, якога яна лічыла добрым сваім геніем, анёлам-уратавальнікам — адзіны, каму гэтае багацце належыць! Здавалася б, жыві не хачу. Аж не! Варта было яму толькі ўзяць у рукі гэтую «загавораную» шкатулку, як зараз-жа, з гэтага моманту і наступіла расплата — немагчымасць сваім багаццем пакарыстацца. Сабака на сене. Горш не прыдумаеш!
У дзяўчынкі кружылася галава. Ды ці не сон гэта?! Ці не прачнецца яна зараз — і ці не ператворыцца тады гэтая лясная хацінка, што зрабілася ёй ужо як бы роднаю, у сырую пракураную камуналку, герой-«афганец» Барыс Крушынскі — у азызлага, налітага гарэлкаю айчыма, які вярнуўся пасля чарговай адсідкі, а яна сама, Віка, у ранейшую, мурзатую, затурканую і няшчасную дзяўчынёху, якой проста прысніліся ўсе гэтыя прыгоды?.. І як жа страшна будзе прачынацца. Замест прыгожай, фантастычнай казкі — безвыходная, безнадзейная шэрасць, замест жмені каштоўных камянёў — заціснутае ў брудным кулачку бананавае лупінне.
Эпілог
Здзіўленне бабулек каля пад'езда. — Кватэра. — Крушынскі выяўляе сябе як практычны чалавек. — Чорная жамчужына. — Аб чым стукаюць колы?
Надышла вясна. Быў канец красавіка. Даволі моцна падпякала сонца і асабліва адчувалася гэта ў горадзе, нават тут, у кампактным, утульным старым раёне Гомеля, дзе амаль кожны дворык, створаны з пяціпавярховых «хрушчовак», патанаў у зеляніне клёнаў і ліп. На клумбах, газонах — скрозь, дзе не было вытаптана, усё жаўцела дзьмухаўцамі, гэтымі маленькімі копіямі сонца, гэтымі пасланнікамі неба на зямлю, гэтымі прадвеснікамі скорага лета.
Да адной з «хрушчовок» ціха падкаціў блакітны «мэрсэдэс». Бабулькі, што ўрадок сядзелі на лаўцы каля пад'езда, насцярожыліся. З «мэрса» выйшаў высокі, плячысты, добра апрануты і чыста паголены мужчына. Крыху бракаваў яго знешнасці толькі доўгі крывы шнар на ўсю шчаку. Мужчына адчыніў заднія дзверцы і памог выйсці адтуль дзяўчыне, ці нават дзяўчынцы — танклявай, вельмі прыгожай і коратка падстрыжанай; хутчэй за ўсё (падумалі бабулькі) дачцэ.
Потым з машыны выбралася бабуля, на выгляд яшчэ старэйшая за тых, што сядзелі на лаўцы. Мужчына хацеў і ёй дапамагчы, але яна спалохана схавала рукі за спіну. У «мэрсе» застаўся толькі мужчына за рулём.
Дзіўная працэсія зайшла ў пад'езд.
Першым па лесвіцы падымаўся Крушынскі, следам — маці Вікі, якую яны толькі што забралі з бальніцы-«начлежкі»; апошняю ішла Віка. Дзяўчынка толькі цяпер пачынала здагадвацца, што за сюрпрыз сабраўся зрабіць ёй з маці Крушынскі. Але, баючыся памыліцца, усё яшчэ верыла не да канца.
Спыніліся на трэцім паверсе, перад металёвымі дзвярыма ажно з двума «вочкамі». Крушынскі адчыніў замок ніжні, адчыніў верхні. Усё гэта крыху нагадвала адмыканне сейфа. Увайшлі ў кватэру. Памяшканне было падобнае на офіс або на гатэльны нумар. Вельмі светла. Даволі прасторна. Нічога лі шняга. Белыя шпалеры і чорныя мэбля.
- Предыдущая
- 36/50
- Следующая