Выбери любимый жанр

Безназоўнае - Купала Янка - Страница 1


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта:

1

Янка Купала

Безназоўнае

1

Спачатку яно шалясцела

Вельмі нясмела,

А потым лізнула аконца

Ціха, як сонца.

Назаўтра ўзняло галасочак,

Нібы званочак,

Ды ў час празвінела так далей

Збуджанай хваляй.

На трэці дзень чуцен быў гоман,

Хоць і надломан,

Але ўжо больш вольны, дасціпны,

К сэрцу прыліпны.

А далей яно зашумела

Надта ўжо смела,

Аж водгулле ў светы пабегла

Здольна, разлегла.

Па пушчах пайшло бураломам -

Дома, за домам.

Бунтарскае грымнула слова

Аж да аковаў.

Скаваная сіла паўстала

Бурай… навалай…

Надзелі чырвоныя кветкі

Нашы палеткі.

Во як пачалося ў нас ціха

Тое ўсё ліха,

Што нат беларускія межы

Ўсталі з залежы.

2

Масты старыя спалены -

Старыя ланцугі;

Паложаны падваліны

Пад новыя сцягі.

Узводзіцца будыніна

На іншы склад і лад…

Вароты не зачынены:

Прыходзь і кум, і сват.

Ідуць, ідуць з аглядкаю,

Варожаць варажбу:

Ці доўга так пасвяткуе

Той лад сваю сяўбу.

Яшчэ не дрэме чорнае

Ў закутках груганнё

І душы непакорныя

Сачыць, як воўк ягнё.

Мяркуюць так і раюцца

Ідучы сват і кум…

Ніхто не дакапаецца

Да іхніх слоў і дум.

Ой, крыўда чалавечая,

Вякамі ты расла,

Пажарамі і мечамі

Паслася, як магла.

Калі ж ты забабонамі

Пакінеш нас карміць,

Над роднымі загонамі

Пятлю крутую віць?!

3

Ой, была ж бяседа, была

Вельмі гучная бяседа! -

Не адходзіла ад стала

Плойма-чарада суседаў.

Як на рынак ці на кірмаш,

Ад нядзелі да нядзелі,

На каравай пшанічны наш

Машкарой ляцелі, елі.

А маковае малако,

Засалоджанае мёдам,

Пілі смагла, ажно цякло

Па губах іх мімаходам.

А закусвалі мёд і яду

Гаспадыньскай ласкай удзячнай,

Тут жа дзьмуў дудар у дуду,

Каб было піць, есці смачна.

Дый прыйшлося плаціць чарадзе

Той за гэта баляванне,

Бо дарма такога нідзе

Не бывае частавання.

Ой, пайшла расплата за доўг -

За яду й пітво адразу…

Задымеў, зацьміўся разлог,

Зварухнуў усю заразу.

Хто у рукі папаў - заплаціў,

Іншы ўцёк за многа міляў.

А найболей - кожны скруціў…

Так не ўсе і заплацілі.

4

Было яно калісьці,

Калі, як жаўталісце,

Жылі мы - не жылі;

Ішлі дні без карысці,

І сорам было выйсці

У свет з сваёй зямлі.

Гнаў лісце злосны вецер

Па полі, па ўсім свеце,

За вёску, за сяло;

На нас ляцела смецце,

Бязладдзе, беспрасвецце,

Пятлю віло сіло.

І гэтакая слава,

Як пошасці праява,

Буяла па людзях,

Пакуль жыццё ласкавай

Усмешкай і забавай

Не асвяціла шлях.

Забліскацелі лужы,

Бяда звілася вужам…

- Ідзе, - крычаць, - вястун!..

І ўзняўся нехта дужы,

І кінуў кліч дасужы -

Як помста, як пярун.

Ад воклічу прарока

Схіснулася памрока,

Сцяг падняла вясна,

І па зямлі шырокай,

Як можа змерыць вока,

Пабегла навіна.

Сяляне і сялянкі!

Цацанкі-абяцанкі

Збываюцца для вас;

Выходзьце на палянкі,

Як зоры, як заранкі,

І сейце ў добры час.

5

Мы ўсталі песняй-казкаю

Пад жудаснай павязкаю

Мінулых чорных дзён

І ўдаль ідзём, хоць ляскае

Звяр’ё ў кутах няласкаю -

На дальшы кліча сон.

Але, але не выламе

Ні клыкамі, ні віламі

Таго, што ажыло,

Што ўскрэсла над магіламі,

Над хатамі пахілымі -

Мінуламу назло.

Не ўзяць рукамі голымі

Таго жывога полымя,

Што, нібы агняцвет,

Вясёлымі саколамі

Над горамі, над доламі

Разносіць іскры ў свет…

… … … … … .

А гоні ўжо узораны,

І сілы распакораны

Ад паншчынных бядот.

Чакаюць стравы жораны -

Зярнятаў незамораных,

Чакаюць на ўмалот.

А лапці і анучыны

Адбэрсаны, адкручаны,

Нуда маўчыць ціхом;

Спраўляюцца заручыны

Вясельніцы засмучанай

З вясёлым жаніхом.

Лявоніха… Мяцеліца…

Без памяці вяселяцца…

- Гэй, дзьмі ў дуду, дудар!

Аколіца-аселіца

Пад ногі сонцам сцелецца…

Збудзіўся гаспадар!..

6

…пайшла, і пайшла -

Як бы хто набаяў -

Ад сяла да сяла

Гутарка такая:

Беларусь на куце

Ў хаце сваёй села, -

Чарка мёду ў руцэ,

Пазірае смела.

Сядзіць важна, сама

Сабе гаспадыня,

І прыбрана яна -

Ніхто не закіне:

На галоўцы вянок

З сініх васілёчкаў,

А чырвон паясок

Стан абвіў дзявочы.

Так сядзіць і глядзіць,

Ці усё, як трэба, -

Трэба ўсім дагадзіць

І соляй, і хлебам.

А з тутэйшых музык

Гучная капэля,

Хто ў дуду, хто пад смык,

Граюць ёй вяселле.

Так бубняць і гудзяць

На гэтай бяседзе,

А суседзі глядзяць,

Дзівяцца суседзі:

- То ж яна з мужыкоў,

А як выйшла ў людзі!

Як міне больш гадкоў,

Што ж тады ўжо будзе?!

7

Зручна, гучна грай нам, грайка,

Ад усіх рэж струн!

Не свісціць ужо нагайка,

Не гудзіць бізун.

Селі макам усе тыя,

Што нас, вольны люд,

Не шкадуючы памыяў,

Аблівалі тут,

Барын веку дажывае,

Выгнаны Масквой,

Пан Варшаву прапівае,

Гонар панскі свой.

А мы самі, сабе самі

Ўжо гаспадары,

Малатамі і сярпамі

Звонім да зары.

Нібы пчолы ў соты з мёдам

Да свайго вулля,

Мы вяртаемся дадому,

Як адна сям’я.

На сход сходзімся і лічым,

Ці усе прыйшлі,

Хто спазніўся - прыйсці клічам

Да сваёй зямлі.

- Вы, - хтось кажа асцярожна, -

Не ўсе ў грамадзе…

- Гэй, дарогу, лях вяльможны!

Беларусь ідзе.

Грай жа, грай нам гулка, грайка,

Ад усіх рэж струн!

Не свісціць ужо нагайка,

Не гудзіць бізун.

8

Газ. «Сав. Беларусь»

у дзень выхаду яе 1000-га нумара

Трэба далей славу, што ўжо тысяч

Раз вы слаўна баранілі,

Светазарнымі агнямі вышыць,

Каб не шчэзла ў векаў пыле.

Бо цікуе злосны вораг

Тых, што спыняцца не ў часе

У сваім паходзе ў зорах

І задрэмлюць на папасе.

*

Трэба біць, у молатаў біць тысяч,

Пакуль сталь яшчэ не ўстыла,

Каб не ўздумаў у гэты час лясны сыч

Засмяяцца з вольных сілаў.

Бо цікуе злосны вораг

Тых, што спыняцца не ў часе

У сваім паходзе ў зорах

І задрэмлюць на папасе.

*

Трэба многа, яшчэ многа тысяч

Рук завабіць, рук спагадных,

Каб да сонца з сонца сцежку высеч

І спачыць у снах прынадных.

Бо цікуе злосны вораг

Тых, што спыняцца не ў часе

У сваім паходзе ў зорах

І задрэмлюць на папасе.

9

Яшчэ не ўся работа зроблена,

Не ўсё жніво у нас пажата, -

Яшчэ краіны стан пагорблены,

Як быў, застаўся ён гарбатым.

Яшчэ дзесь здрадна ласка панская

На беларускім едзе карку

І круціць з подласцю паганскаю

На свой лад нашу гаспадарку.

Яшчэ там сыты гонар ласуе

Дзявочу ўсмешку беларускі,

Далары лічачы за касаю,

Што з нашых здзёр палосак вузкіх.

Яшчэ там корна служаць мамкамі

Сястрыцы нашы і сягоння,

Ды стогнуць, мучацца пад клямкамі

Браты, як некалі ў прыгоне.

Яшчэ ўспалаюць там паднебныя

Чырвоным полымем пажары,

І будуць гінуць там патрэбныя

І непатрэбныя ахвяры.

10

Пакінем спадчыну мы для патомкаў

Інакшую ад той,

Што ўзялі мы ад продкаў на абломках

Гісторыі сваёй.

З інакшай думкай пойдзе ў свет і людзі

Патомак гэны наш:

Згібацца ўжо не будзе і не будзе

Піць з недапітых чаш.

1

Вы читаете книгу


Купала Янка - Безназоўнае Безназоўнае
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело