Выбери любимый жанр

Камень - Колас Якуб Михайлович - Страница 1


  • 1/1
Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта:

1

Якуб Колас

Камень

Такiх прыгожых месцаў, якiм быў гэты куток, рэдка дзе можна знайсцi. Прынамсi, так думаў даўганосы бусел, каторы меў тут, на старадрэвiне, пышны палац. А бусел усё ж такi трэцца па свеце, i на яго словы можна мець увагу.

Шумлiвая рэчка, цёмны лес, поле, луг i гурт старасвецкiх дубоў, дзе асталяваўся бусел з сям'ёй, выглядалi весела, а падчас i шчаслiва, i гэтым самым як бы пацвярджалi, што тут i сапраўды не кепска. Але бывалi i такiя выпадкi, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалi, крыху гаравалi, - без гэтага не абходзiцца ў жыццi. I хто ведае: быць можа, чым часцей даведваюцца да нас нягоды, тым глыбей пачуванне цаны жыцця, тым ясней яго светлыя моманты.

Але самым шчаслiвым жыхаром быў тут, ведама, камень, - так злажылi i згадзiлiся яго суседзi: рэчка, лес i другiя. I праўда, як нi моцныя дубы, а ўсё ж iх матлашылi i сушылi вятры, iх палiла сонца, на iх мецiлiся цяжэрныя хмары залатымi стрэламi пякучых маланак, а ў час навальнiцы па iх каранёх тапталiся людзi.

Таксама рэчка знывала ад сушы ў сваiх берагах пад косамi гарачага сонца i агаляла сваё няшчаснае дно. Яе чыстае лона не раз заносiлася смеццем, гразёю i розным брудам няпрошаных гасцей ручаёў, што вынiкалi з ласкi навальнiцы. Пра лес i казаць няма чаго. Ой, колькi разоў даводзiцца яму, старому, перадрыжаць усiмi жылкамi за долю сваiх сынкоў, як увойдзе сюды з блiскучай сякерай на плячах бязлiтасны чалавек! Бывалi цяжкiя часы i для бусла. Не патрапiш у пару вярнуцца з выраю, намерзнешся досыць, стоячы на гняздзе, i духi табе падцягне, бо дзе знойдзеш спажытак у такую сцюжу? А каменю што? Кажуць жа - моцны, як камень, i маўклiвы, як камень. Дык што яму астаецца тут? Ляжаць сабе, як пан, у мяккiм доле. Нi дождж, нi жар для яго не страшны. Блiсне сонца, дзьмухне вецер - i сухi камень i цёпла яму.

I месца выбраў прыўдалае!

Тут i рэчка табе вiдаць, лес, i белыя хмаркi-гускi, што плаваюць па бязмежнаму прастору сiнiх небясоў.

А колькi жыцця навокал яго! Чарнабровыя плiсачкi любяць крыху падурэць каля каменя, а то проста сядуць на самы яго верх i пачнуць такiя гамонкi, што толькi i можна пачуць iх увесну. Лясная жаваранка прылятае сюды начаваць, i, пэўна, гэта каменю пяе яна такiя прыгожыя песнi, што душа замлявае. Што ж, шанцуе яму - i толькi! Кожнаму свая доля.

Так казалi суседзi шчаслiвага каменя. Аднаго толькi не маглi сцямiць тутэйшыя жыхары: камень нiводным слаўцом не выявiў свае радасцi, што нямала ўсiх тут здзiўляла.

- Ну, што ж? Такая ўжо натура яго!

Але здарылася тут вось якая рэч. Прылятае раз на сваё гняздо бусел ды кажа да дубоў:

- А ведаеце, браткi, што?

- А што? - усе разам запыталi яго.

- Шчаслiвы наш камень... рассыпаўся.

- Ну?!

- Не можа быць! - зашумела рэчка.

- Што ж гэта такое? - прагукаў лес.

I ўсе дзiвiлiся такому здарэнню.

- З чаго ж такое лiха прылучылася з iм?

I нiхто не ведаў, што сказаць на гэта.

1
  • 1/1
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело