Выбери любимый жанр

Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке) - Автор неизвестен - Страница 15


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта:

15

Да цмока быў накiраваны герольд, якi ўвесь ажно калацiўся ад страху. Вучоныя цмакаведы вычыталi ў кнiгах, што ў былыя часы цмокi патрабавалi штогадовых чалавечых ахвяраў, i герольд павiнен быў запытацца ў цмока, якiя той выстаўляе ўмовы. Але цмок нiчога не адказаў.

Тады герольду загадалi закрануць цмокаву пыхлiвасць, выклiкаўшы на бойку з якiм-небудзь славутым асiлкам каралеўства. Няхай цмок прызначыць дзень i час, i пытанне (так цi iначай) будзе вырашанае назаўжды. Але зноў усё было марна: цмок не адказваў.

Тады герольд асмялеў i заявiў ужо ад сябе, што калi цмок такi баязлiвец, дык ён сам гатовы з iм бiцца цi нават паклiча малодшага брата. Дарма: цмок i на гэта не звярнуў увагi.

Тыднi складалiся ў месяцы, а цмок усё не паказваўся. Народ асмялеў. А тут яшчэ прыйшоў лiст ад караля суседняй дзяржавы. Усе думалi, што манарх, улюбёны старэйшы сын якога сустрэў такую страшную смерць, цяпер будзе патрабаваць кампенсацый i пагражаць iх краiне. Але той паставiўся да сумнага здарэння памяркоўна. Ён абвясцiў, што здымае з каралеўства адказнасць за смерць свайго сына, бо зразумела, што прадугледзець такую з'яву, як цмок, немагчыма, дый як бы там нi было - сапраўднаму рыцару пачэсна загiнуць дзеля сама прыгожай жанчыны ў свеце. Даведаўшыся пра такiя галантныя словы караля, людзi нават пачалi спадзявацца, што, можа, ён сам папросiць рукi прынцэсы Гэрмiёны: суседнi манарх быў удавец. Але так далёка яго шляхетнасць i рыцарскi дух не зайшлi.

I ўсё ж ад тых, хто хацеў ажанiцца з прынцэсай, не было адбою. Мала таго, пасля здарэння з цмокам iх колькасць павялiчылася ў некалькi разоў. Пагалоска пра цмока разнесла iмя Гэрмiёны ў такiя далёкiя краiны, куды не даходзiла слава нават пра яе прыгажосць. Што зробiш, цяпер яна была не толькi прыгажуня, але i пакутнiца. Казалi, што цмок - гэта цана, якую яна мусiць плацiць за сваё хараство.

Усё гэта ды яшчэ самотнае жыццё прынцэсы зрабiлi яе яшчэ болей чароўнаю i прывабнай. Усе, ад караля да апошняга старца, хацелi зрабiць дзеля яе хоць што-небудзь (але што - нiхто не ведаў). Штодня яна атрымоўвала лiсты цэлымi торбамi, i ў кожным было напiсанае адно i тое ж: прынцэса - найцудоўнейшая дзяўчына ў свеце, аўтар лiста горача яе кахае i хацеў бы сам, замест прынца, ахвяраваць дзеля яе жыццём. Былi такiя, хто заходзiў яшчэ далей i выказваў пажаданне, каб цмок з'явiўся зноў: тады яны маглi б прадэманстраваць сваю адданасць прынцэсе!

Але, праўду кажучы, нiхто не верыў, што цмок некалi зноўку з'явiцца. Некаторыя, хто на свае вочы цмока не бачыў, казалi, што цмок - звычайная галюцынацыя: проста ў прынца разарвалася сэрца ад шчасця, што ён апынуўся так блiзка да прынцэсы, а потым гледачы, п'яныя ад радасцi i хвалявання, усё астатняе выдумалi.

Але большасць была спакойная з iншае прычыны. Цмокi, як землятрусы цi каметы, - з'ява ўвогуле рэдкая. Таму знаўцы тэорыi iмавернасцей хоць i прызнавалi, што ведаюць пра iх няшмат, але выказвалi ўпэўненасць, што таму, хто ўжо аднойчы ў жыццi цмока бачыў, другi раз гэта не пагражае.

А некаторыя iшлi яшчэ далей i казалi, што цяпер, як нiколi раней, iх краiна абароненая ад цмокавых вiзiтаў. Iначай кажучы, краiна ўжо свайго цмока перажыла.

Праз паўтары гады цмок ужо здаваўся плёнам чыстай фантазii, i ўсе прыгадвалi яго толькi з усмешкай. Падчас святаў ды кiрмашоў людзi рабiлi цмачынае чучала, цягалi яго па вулiцах i разыгрывалi розныя смешныя сцэнкi. А газетчыкi, калi пiсалi ў сваiх артыкулах пра якую-небудзь уяўную, на iх погляд, небяспеку, вобразна называлi яе "цмокам прынцэсы Гэрмiёны".

Сустракалiся, праўда, i тыя, хто ставiўся да цмока вельмi сур'ёзна (хоць такiх было зусiм няшмат), усе яны дагэтуль дзякавалi Богу, што цмок не крануў нi iх, нi iхнiх сваякоў, нi крэўных. Тым часам будавалiся новыя фабрыкi i заводы, справы ў краiне iшлi добра, i яна квiтнела i багацела штодня.

Час жалобы мiнуўся, i нарэшце прынцэсе Гэрмiёне быў абраны новы жанiх.

Ён паходзiў з не менш славутага каралеўскага роду, чым першы (газеты пiсалi, што нават з яшчэ больш славутага). I яму рыхтавалi яшчэ болей урачыстую сустрэчу. Але гэтым разам усё павiнна было адбывацца паводле зусiм iншага сцэнарыя, каб нi ў кога не ўзнiкла згадак пра мiнулы прыём.

Адным з новаўвядзенняў быў узвод кулямётчыкаў, узброеных кулямётамi новай мадэлi. Кулямётчыкам выдалi безлiч набояў, што праўда, халастых, i ўзвод павiнен быў стаяць непадалёк ад месца, з якога мiнулы раз цмок вылез са скалы. Як вядома, першы жанiх, убачыўшы смяротную небяспеку, паспеў крыкнуць толькi нешта накшталт: "Дарагая Гэрмiёна!" - адным гэтым паспеўшы засведчыць прынцэсе сваю любоў i адданасць. Часу сказаць што-небудзь яшчэ ў яго не хапiла, i нiхто не мог дакладна прыгадаць нават гэтыя ягоныя словы. Таму новы жанiх прапанаваў, што ён укленчыць на першых прыступках лесвiцы, якая вядзе да замка, i скажа невялiчкую прамову - што-небудзь накшталт напалову малiтвы, напалову клятвы ў каханнi.

I вось дзень вяселля настаў. Падзiвiцца на гэтае вiдовiшча сабраўся вялiкi натоўп. Усе былi ў цудоўным настроi, бо прыйшлi, каб зрабiцца сведкамi падвойнага свята: па-першае, вяселля iх улюбёнай прынцэсы, а па-другое, яе вызвалення ад цмока. Салют халастымi з кулямётаў змешваўся з гукамi ваеннага марша, што даводзiла гледачоў да экстазу. Калi ж шчаслiвы абранец укленчыў, каб красамоўна выказаць Гэрмiёне свае пачуццi, запанавала мёртвая цiшыня. Ледзь толькi няшчасны прынц вымавiў апошнiя словы, як скала задрыжала, пачуўся жудасны рык, i... небарака ўзляцеў у паветра, зацiснуты ў страшнай цмачынай пашчы. Трымаючы сваю ахвяру ў зубах, цмок iмгненна схаваўся ў скале.

Натоўп быў ахоплены жахам. I яшчэ ўвесь наступны тыдзень у каралеўстве панаваў страх. Рабiлiся шалёныя спробы растлумачыць няшчасце шкоднiцтвам той цi iншай асобы, некампетэнтнасцю кiраўнiцтва дзяржавы. Шмат нi ў чым не вiнаватых людзей загiнула ад рук ашалелага натоўпу. Патаемна крытыкавалi нават караля.

Адну толькi прынцэсу нiхто не вiнавацiў. Як i мiнулым разам, у момант трагедыi яна была недзе адна, але нiхто не ведаў дзе. А калi неўзабаве Гэрмiёну, якая была амаль у непрытомнасцi, знайшлi ў сябе ў пакоi, усе былi ўражаныя яе вытрымкай: ужо праз некалькi хвiлiн яна села за стол i сваёю рукой напiсала некалькi суцяшальных словаў чалавеку, якi ледзь не зрабiўся яе свёкрам. Гэты лiст быў надрукаваны ў газетах, i, чытаючы яго, нiхто не змог застацца абыякавым, а шмат хто змахнуў слязу. Прынцэса называла сябе сама мiзэрнай i няшчаснай кабетай у свеце, бо прынесла смерць двум вартым павагi й захаплення рыцарам (прычым другi нават болей варты, чым першы). А ў канцы лiста яна дадавала, што, вiдаць, адзiнае выйсце, якое засталося цяпер гаротнай дзяўчыне - назаўжды схавацца за кляштарнымi мурамi. Гэтая заява выклiкала буру пратэсту. З усiх куткоў краiны пасыпалiся лiсты, падданыя малiлi прынцэсу перамянiць сваё рашэнне. Каб дастаўляць гэтыя лiсты, давялося пусцiць дадаткова дзесяткi паштовых цягнiкоў.

15
Мир литературы

Жанры

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело