Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) - Ницше Фридрих Вильгельм - Страница 22
- Предыдущая
- 22/76
- Следующая
Маё сэрца, у якiм палае лета, кароткае, спякотнае, смутнае, звышшчаснае: як тужыць маё сэрца-лета па тваёй прахалодзе!
Мiнулася нясмелая скруха маёй вясны! Мiнулася лютасць маёй снежнай замецi ў чэрвенi! I ўвесь я - лета i полудзень летнi!
Лета ў самым росхрысце са сцюдзёнымi крынiцамi i дабрашчаснаю цiшай: о, прыйдзiце, сяброве мае, каб цiша яшчэ болей ушчасцiла!
Бо гэта нашая вышыня i наша радзiма: занадта высока i стромка ўзнеслi мы сваё жытлiшча, каб не дасталi нас апраметнiкi i смага iхняя.
Кiньце ж позiрк ваш чысты ў крынiцу маёй радасцi, сяброве мае!
Не замглiцца яна ад вашага позiрку! Яна адкажа вам усмешкай сваёй чысцiнi.
На дрэве будучынi ладзiм мы наша гняздо; арлы будуць нам, самотным, ежу ў сваiх дзюбах насiць!
Вядома, не тую ежу, ад якое ядуць нячыстыя! Агонь хай бы елi яны i папяклi свае храпы!
Вядома, не падрыхтавалi мы тут жытлiшчаў нячыстым! Ледзяным лёхам здалося б нашае шчасце iх целу i духу!
Магутнымi вятрамi будзем мы жыць пад iмi, суседзi арлоў, суседзi снягоў, суседзi сонца: так жывуць магутныя вятры.
I, як вецер, узвею я сярод iх i сваiм духам перайму дыханне ў iхняга духу: так хоча мая будучыня.
I тое праўда: якi магутны вецер для ўсiх нiзiнаў - Заратустра; i вось што раiць ён сваiм ворагам i ўсiм, хто плюецца: "не наравiце пляваць супроць ветру!"
Так сказаў Заратустра.
Пра тарантулаў
Зiрнi, вось норка тарантула! Цi не глянеш сам? Вось яго сетка: кранi, хай задрыжыць.
А вось i ён сам, выпаўзае: здароў быў, тарантуле! Чорны трохкутнiк на спiне ў цябе - твая мецiна: яшчэ я ведаю, што ў цябе на душы.
Мсцiвасць у цябе на душы: куды ўджалiш ты, там вырастае чорны струп; твой помслiвы яд змушае душу курчыцца!
I вось я прамаўляю да вас, прапаведнiкаў роўнасцi, якiя змушаюць душу курчыцца! У мяне вы - тарантулы i схаваныя помснiкi!
Але я хачу ваша схаванае вывесцi на святло: таму я i смяюся вам у твар смехам узвышаных.
I таму я рву вашу сетку, каб шаленства вырвала вас з iлжывай нары i прага помсты выйшла з па-за слова "справядлiвасць".
Бо хай будзе чалавек збаўлены ад помсты: вось мост, якi вядзе да найвышэйшай надзеi, i вясёлка пасля доўгай слоты.
Але iншага хочуць, вядома, тарантулы. "Справядлiвасць у нас - гэта каб свет напоўнiўся навальнiцамi нашай помсты" - так гамоняць яны памiж сабою.
"Мы хочам помсты i паганьбення ўсiм, хто не роўны з намi" - так прысягаюцца сэрцы тарантулаў.
"I воля да справядлiвасцi - вось што павiнна сёння стаць назовам цноты; супроць усяго, што мае ўладу, ускiнемце клiч!"
Вы, прапаведнiкi роўнасцi, тыранская бязглуздасць бяссiлля крычыць з вас пра "роўнасць": ваша запаветнае жаданне тыранii куклiцца ў словах пра дабрадзейства!
Прыкрае славалюбства, затоеная зайздрасць, а магчыма, яшчэ i славалюбства, i зайздрасць вашых бацькоў - усё гэта шугае з вас полымем i шалам помсты.
Тое, пра што змоўчваў бацька, выслоўлiваецца ў сыне; часта i я знаходзiў у сыне бацькаву таямнiцу - непрыхарошаную i распраненую.
На натхнёных падобныя яны: але не сэрца натхняе iх - а помста. I калi яны робяцца пражорлiвымi i стрыманымi, дык гэта не розум, а зайздрасць робiць iх такiмi.
Зайздрасць вядзе iх на сцежку мыслiцеляў: i вось якая прыкмета такое зайздрасцi - яны заходзяць так далёка, што ўрэшце, стомленыя, засынаюць на снезе.
У кожнай iхняй скарзе чуецца помслiвасць, у кожнай пахвале тоiцца абраза; i быць суддзямi здаецца iм шчасцем.
Але я заклiкаю вас, сяброве мае: не давярайце нiкому, у кiм бушуе прага караць!
Гэта людзi благое пароды i благога роду; у iх тварах - кат i сышчык!
Не давярайце i тым, хто шмат разводзiць пра сваю справядлiвасць. Далiбог, iх душам бракуе толькi мёду.
I калi яны называюць сябе "добрымi i справядлiвымi", не забывайце, што, каб зрабiцца фарысеямi, iм не хапае толькi аднаго - улады!
Сяброве мае, я не хачу, каб мяне з кiм-небудзь пераблыталi. Бо ёсць такiя, што прапаведуюць маё вучэнне пра жыццё: i пры гэтым яны - прапаведнiкi роўнасцi i тарантулы.
Калi i гавораць на карысць жыцця, засеўшы ў сваiх норах, гэтыя ядавiтыя павукi, адвярнуўшыся ад усяго жывога, дык толькi, каб шкодзiць.
Так яны хочуць нашкодзiць тым, у каго ўлада: бо ў тых яшчэ колькi хочаш у запасе пропаведзяў смерцi.
Каб было яно iначай, дык i тарантулы вучылi б iнакш: менавiта ж бо яны былi колiсь зацятымi паклёпнiкамi на жыццё i спальшчыкамi ерэтыкоў.
Я не хачу, каб мяне блыталi з гэтымi прапаведнiкамi роўнасцi, бо справядлiвасць кажа мне так: "людзi не роўныя".
I яны не павiнны быць роўныя! Чым была б мая любоў да Звышчалавека, калi б я гаварыў iнакш?
Тысячамi мастоў i сцежак хай людзi цiснуцца ў будучыню, i ўсё больш павiнны буяць памiж iмi варожасць i няроўнасць: так кажа мне мая вялiкая любоў.
Хай яны будуць вынаходцамi ўяваў i прывiдаў у сваёй варожасцi, i тады памiж iмi адбудзецца вялiкая бiтва.
Дабро i зло, багацце i беднасць, высокае i нiзкае, i ўсе iмёны каштоўнасцяў - усё гэта стане зброяй i будзе ваяўнiча сцвярджаць, што жыццё павiнна ўвесь час пераадольваць самое сябе.
Угору, ставячы калоны i прыступкi, хоча ўзнесцi сябе жыццё; яно хоча глядзець у бясконцыя далячынi, на святую прыгажосць, - вось навошта яму вышыня!
Але калi жыццю так патрэбна вышыня, дык яму патрэбныя i прыступкi, а таксама супярэчлiвасць мiж прыступкамi i тымi, хто па iх узыходзiць! Узыходзiць хоча жыццё i пераадольваць сябе, узыходзячы.
Зiрнiце ж, сяброве мае! Вось, побач з нарою тарантула, - руiны старадаўняга храма; зiрнiце на iх прасветленым вокам!
Бо праўда, хто ўмацаваў думку сваю i ў каменi ўзнёс яе ўгору, той ведаў усе таямнiцы жыцця, як сама вялiкi мудрэц!
Што барацьба i няроўнасць ёсць i ў прыгажосцi, вайна за ўладу i звышмагутнасць - усяму гэтаму вучыць ён нас праз гэты ясны сiмвал.
Паглядзiце, як ламаюцца аркi i скляпеннi, пераходзячы адно ў адно ў боскiм супрацьстаяннi, як разам са святлом i ценем iдуць яны адно на адно, па-боску iмклiвыя.
Хай жа будзем ворагамi i мы, верныя i прыгожыя! Па-боску рынемся адзiн на аднаго!
Ах! Вось i мяне самога джгнуў тарантул, мой даўнi вораг! Па-боску надзейна i прыгожа джгнуў ён мяне ў палец!
"Павiнна ж быць расплата i справядлiвасць - так думае ён, - не за так жа спяваць яму гiмны ў гонар варожасцi!"
- Предыдущая
- 22/76
- Следующая