Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) - Ницше Фридрих Вильгельм - Страница 26
- Предыдущая
- 26/76
- Следующая
Нават загадваючы самому сабе, трэба яшчэ акупiць свой загад i стаць суддзёю, мсцiўцам i ахвяраю свайго ж закону.
"Як жа гэта адбываецца? - пытаюся я ў сябе. - Што прымушае жывое падпарадкоўвацца i загадваць, i, загадваючы, падпарадкоўвацца сабе?"
Дык слухайце ж маё слова, наймудрэйшыя! Пераканайцеся, цi сапраўды я пранiк у аснову асноваў жыцця i да самых нетраў яе сэрца?
Усюды, дзе было што жывое, я знаходзiў волю да ўлады; i нават у паслушэнстве слугi я бачыў жаданне быць панам.
Воля слабога схiляе яго падпарадкоўвацца моцнаму, бо хоча панаваць над тым, хто яшчэ слабейшы: толькi гэтай радасцi прагне ён i не хоча страцiць яе.
I як меншае аддаецца большаму, каб радавацца i панаваць над яшчэ меншым, так ахвяруе сабою i найвялiкшае, рызыкуючы жыццём дзеля ўлады.
У тым якраз i ёсць самаахвяраванне вялiкага, што яно - парыванне, i небяспека, i гульня, дзе стаўка - жыццё.
I там, дзе ёсць ахвяра, i служэнне, i позiркi кахання, - там ёсць i воля да панавання. Патайнымi сцежкамi прадзiраецца слабы ў крэпасць моцнага - да самага сэрца - i забiрае ўладу.
I вось якую таямнiцу расказала мне жыццё: "Глядзi, - сказала яно, - я тое, што ўвесь час пераадольвае самое сябе.
Хоць вы i называеце гэта прагай узнаўлення альбо iмкненнем да мэты - да найвышэйшага, далёкага, разнастайнага, але ўсё гэта - адзiнае i ёсць адна таямнiца.
Я хутчэй загiну, чым адмоўлюся ад гэтага: далiбог, там, дзе пагiбель, захад i лiстапад, там жыццё ахвяруе сабой дзеля ўлады!
Я - жыццё i павiнна быць барацьбой i станаўленнем, мэтаю i супярэчнасцю мэтаў: хто адгадае маю волю, той зразумее, якiмi крывымi дарогамi павiнна iсцi жыццё!
Што б нi стварала я, як бы нi любiла свой твор, - i яму i каханню я павiнна зрабiцца супрацiўцам, ты толькi сцежка i след маёй волi: сапраўды, мая воля да ўлады iдзе нагамi тваёй волi да праўды!
Хто ўзвясцiў "волю да iснавання", той прайшоў мiма праўды; такой волi няма!
Тое, чаго няма, не можа хацець; а што ёсць, - не захоча быць, бо ўжо ёсць!
Толькi там, дзе ёсць жыццё, ёсць i воля: але не воля да жыцця - а воля да ўлады! Так я вучу цябе.
Многае цэнiць той, хто жыве вышэй, чым жыццё; але i ў самой гэтай ацэнцы гаворыць воля да ўлады!"
Так вучыла мяне калiсьцi жыццё: гэтаксама, наймудрэйшыя, вырашаю i я загадку вашага сэрца.
Праўду кажу вам: няма такога дабра i зла, каб яны не мiналiся. Няспынна павiнны яны адольваць самiх сябе.
З дапамогаю вашых каштоўнасцяў i таго, што вы кажаце пра дабро i зло, вы чынiце гвалт, вы, ацэншчыкi: i ў гэтым ваша таемная любоў, бляск, трапятанне i парываннi душы.
Але яшчэ больш магутная сiла i новае пераадоленне вырастаюць з вашых каштоўнасцяў; аб гэтую сiлу i пераадоленне разаб'ецца яйцо i яго шкарлупа.
I той, хто павiнен быць творцам дабра i зла, той, праўда, павiнен быць спачатку разбуральнiкам, якi разбiвае каштоўнасцi.
Так найвышэйшае зло належыць да найвышэйшай даброцi - быць стваральным.
Дык будзем гаварыць толькi пра яго, наймудрэйшыя, хоць i злое яно ў сутнасцi сваёй. Аднак маўчанне - яшчэ горш? Усякая праўда, якую замоўчваюць, робiцца ядавiтай.
Хай разаб'ецца аб нашую праўду ўсё, што можа разбiцца! Многа будынкаў мы маем яшчэ пабудаваць!"
Так сказаў Заратустра.
Пра ўзвышаных
Спакойная глыбiня майго мора: хто адгадае, якiх пацешных пачвараў хавае яно!
Няўзбураная мая глыбiня; але яна блiшчыць плывучымi загадкамi i ўсмешкамi.
Я сёння бачыў узвышанага, святочнага, пакаянца духам: о, як рагатала душа мая з яго брыдкасцi!
Выгнуўшы грудзi, быццам затрымлiваючы дыханне, стаяў ён, гэты ўзвышаны, i маўчаў.
Ён быў увешаны агiднымi праўдамi, трафеямi свайго палявання, i задаваўся падранаю вопраткаю; i шмат калючак было на iм, але не было нiводнай ружы.
Ён яшчэ не навучыўся смеху i прыгажосцi. Змрочны вярнуўся гэты паляўнiчы з лесу пазнання.
Пасля бiтвы з дзiкiмi звярамi вярнуўся ён дамоў; але праз сур'ёзнасць яго праглядвае яшчэ дзiкi звер - не пераможаны!
Быццам тыгр, якi падрыхтаваўся да скачка, - так трымаецца ён; але я не люблю гэтых напружаных душ, i не даспадобы мне ўсе гэтыя затоеныя.
А вы, сяброве, кажаце, што пра густ i смак не спрачаюцца? Але ўсё жыццё i ёсць спрэчка пра густ i смак!
Густ - гэта адначасова i вага, i шалi вагаў, i той, хто важыць; i гора жывым, якiя хочуць пражыць без спрэчкi пра вагу, шалi i вагара!
О, калi б гэты ўзвышаны стамiўся ад сваёй узвышанасцi: толькi тады выявiлася б яго прыгажосць, i толькi тады я пакаштаваў бы яго i палiчыў бы смачным.
I толькi адвярнуўшыся ад самога сябе, пераскочыць ён цераз свой цень праўда! - проста ў сваё сонца!
Надта доўга сядзеў ён у цянi, пабялелi шчокi ў пакаянца духам: ён ледзь не памёр з голаду, чакаючы.
Яшчэ тоiцца ў ягоных вачах пагарда, i агiда - на вуснах у яго. I хоць ён дасягнуў супакаення, няма сонца ў ягоным спакоi.
Ён мусiў бы працаваць, як вол; i зямлёю мусiла б пахнуць ягонае шчасце, а не пагардай да зямлi.
Я хацеў бы бачыць яго белым валом, валом, якi, чмыхаючы i рыкаючы, iдзе перад плугам; i сам рык яго павiнен усхваляць усё зямное!
Твар у яго яшчэ змрочны: цень ад рукi грае на яго твары. Пачуццi ў вачах у яго яшчэ зацененыя.
Дзеi яго ляжаць на iм ценем: сама рука азмрочвае таго, хто рухае ёю. Не пераадолеў ён яшчэ дзеi сваёй.
Як мне падабаецца гэты бычыны хiб! Аднак я хацеў бы ўбачыць, што позiрк ягоны - позiрк анёльскi.
I сваю волю героя ён таксама мусiць забыць:
хай будзе ён узнесены, а не проста ўзвышаны: хай сам эфiр носiць яго, бязвольнiка!
Ён перамагаў пачвараў i адгадваў загадкi: збаўцам, разбуральнiкам i пераможцам усяго пачварнага i загадкавага ў сабе самiм хай ён стане цяпер i ператворыць сваiх пачвараў у нябесных дзяцей.
Пазнанне яго яшчэ не навучылася ўсмiхацца i не ведаць зайздрасцi; яшчэ не ацiхла ў прыгажосцi яго бурлiвая палкасць.
Праўда, у прыгажосцi, а не ў сытасцi павiнны патануць i змоўкнуць парываннi яго! Велiкадушнасць прывабная ў тых, у каго настрой узвышаны.
Паклаўшы руку на галаву - так павiнен адпачываць герой, хай ён нават пераадольвае свой адпачынак.
Але якраз у героя сама цяжкае - прыгажосць. Яна недасяжная нават сама моцнай волi. Крыху больш, крыху менш: але ў гэтым "крыху" якраз многае, якраз гэтае "крыху" i ёсць сутнасць.
- Предыдущая
- 26/76
- Следующая